Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТАРШЫНЯ БХК: “ШАНТАЖ ПРЫ ВЯРБОЎЦЫ З БОКУ КГБ НЕЗАКОННЫ І НЕДАПУШЧАЛЬНЫ”


Кастусь Бандарук, Прага

Сытуацыю камэнтуе старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Тацяна Процька.

(Процька: ) “Законы ўсіх краінаў, якія называюцца "аб апэратыўна-пошукававай дзейнасьці", звычайна дазваляюць спэцслужбам мець агентуру і працаваць зь ёю. У дэмакратычных грамадзтвах існуюць у гэтых законах такія палажэньні, які гарантуюць людзям таямніцу іхнага асабістага жыцьця. Ёсьць таксама палажэньні пра тое, як знаходзіць агентаў, як іх вэрбаваць. Паводле ўсіх законаў, яны вярбуюцца на добраахвотнай аснове, але вельмі цяжка на такой падставе знайсьці супрацоўнікаў, якія пастаўлялі б інфармацыю і ставілі б сябе ў такую рызыкоўную сытуацыю. Таму вярбоўка праводзіцца рознымі шляхамі, у тым ліку шляхам шантажу, з выкарыстаньнем розных зьвестак зь біяграфіі, якія не зусім прыемныя для чалавека. Гэта, зразумела, незаконна, але гэта паўсюдная практыка. Насамрэч, вярбоўка павінна праводзіцца паводле асобных правілаў, якія акрэсьленыя адмысловымі інструкцыямі”.

(Бандарук: ) “Ці вядомыя Вам нейкія выпадкі, калі да Беларускага Хэльсынскага камітэту зьвярталіся людзі са скаргамі, што іх спрабавалі завэрбаваць з ужываньнем недапушчальных мэтадаў?”

(Процька: ) “Я ж кажу: нельга вэрбаваць, напрыклад, шляхам шантажу. Нельга. Але гэта паўсюдна робіцца. Да нас зьвярталіся і скардзіліся ў прыватнасьці актывісты моладзевых рухаў як у Менску, так і ў правінцыі. Яны скардзіліся на тое, што ім прапанавалася інфармаваць пра сытуацыю ў моладзевым руху. Мы напісалі пра гэта ліст да старшыні КГБ. Нам адказалі, што з тымі супрацоўнікамі праведзена адпаведныя размовы”.

(Бандарук: ) “Большасьць людзей ня схільная супрацоўнічаць зь ніякімі органамі. Ці звычайныя людзі нейкім чынам абароненыя ад такога ўмяшаньня органаў у іхнае жыцьцё? Маўляў, я не хачу, адстаньце ад мяне! Ці шараговы чалавек можа сабе такое дазволіць?”

(Процька: ) “Так, зразумела. Гэта сама першае. Калі ён ня хоча працаваць, ён можа сказаць "адстаньце". А калі ёсьць шантаж, чалавек можа адказаць, што ён будзе зьвяртацца ў пракуратуру і скардзіцца на шантаж. Ён мае на гэта права”.
XS
SM
MD
LG