Паводле галоўнага экспэрта нямецкай філіі “Amnesty International” па Беларусі Хайке Прэстын, беларускія ўлады праводзяць палітыку сыстэматычнага запалохваньня і падаўленьня мясцовых праваабарончых аб’яднаньняў. “Мэта адна – прымусіць людзей замаўчаць”, – лічыць нямецкі праваабарончы экспэрт.
У распаўсюджанай заяве прыводзяцца шматлікія прыклады таго, як у Беларусі масіўна абмяжоўваюцца свабода слова і сходаў, як забараняюцца і зачыняюцца мясцовыя праваабарончыя арганізацыі, як перасьледуюцца апазыцянэры, журналісты, прафсаюзныя актывісты, як робіцца беспрэцэдэнтны ціск на незалежныя СМІ.
Як лічыць Хайкэ Прэстын, нямецкіх праваабаронцаў вельмі хвалюе тое, што з кожным годам становіцца штораз цяжэй прыцягнуць увагу да сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, бо ўрад Лукашэнкі імкнецца зачыніць рот ўсім крытыкам рэжыму.
“Amnesty International” у Нямеччыне патрабуе ад нямецкага кіраўніцтва дый таксама ад міжнароднай супольнасьці актыўнага ўмяшальніцтва ў сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, кантролю за зьменамі ў палітыцы афіцыйнага Менску. Паводле Хайке Прэстын, ўсе гэтыя патрабаваньні перададзеныя на разгляд удзельнікаў цяперашняй штогадовай сэсіі Камісіі ААН па правах чалавека у Жэнэве.