Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ЗАБАРОНЕНАЯ ВЕЧАРЫНА ДА ДНЯ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сябры аргкамітэту яшчэ некалькі тыдняў таму зьвярнуліся да адміністрацыі Дому вэтэранаў з просьбай аб памяшканьні для правядзеньня 25 сакавіка сьвяточнай вечарыны. Дырэктар Дому Яўген Барсукоў пагадзіўся і выдаў сустаршыні аргкамітэту Аляксею Марачкіну на рэалізацыю 300 квіткоў, якія былі раскупленыя даволі хутка.

Але неўзабаве спадар Барсукоў пачаў умешвацца ў працэс падрыхтоўкі вечарыны. Ён патрабаваў, каб у залі не было беларускай нацыянальнай сымболікі, згадак пра сьвята Незалежнасьці, а таксама забараніў даваць слова апазыцыйным палітыкам. Урэшце 24 сакавіка кіраўніцтва Дому вэтэранаў паведаміла сябрам аргкамітэту, што вечарына адмяняецца. Арганізатары канцэрту гавораць, што кіраўніцтва Дому культуры намякала пра ціск зьверху. Але афіцыйная падстава адмовы іншая. Гаворыць дырэктар Дому вэтэранаў Яўген Барсукоў:

(Барсукоў: ) “Яна адмененая ў зьвязку з тым, што ў нас няма гастрольнага пасьведчаньня на правядзеньне гэтага мерапрыемства. Першапачаткова была размова пра выступы артыстаў самадзейнай творчасьці. А рэжысэр падаў сьпіс прафэсійных артыстаў. А мы на нашай сцэне ня маем права праводзіць такіх канцэртаў”.

Арганізатар вечарыны, вядомы рэжысэр Валер Мазынскі лічыць, што прычына адмовы іншая:

(Мазынскі: ) “Я думаю, што гэта, магчыма, такая прадуманая акцыя. Спачатку дазволіць — няхай прыйдуць у гэты палац, няхай рыхтуюцца. І ў апошні момант спыніць гэтую справу”.

А вось меркаваньне сябра аргкамітэту, лідэра БНФ Вінцука Вячоркі:

(Вячорка: ) “Пайшоў псыхоз, пайшло нэрваваньне, і пры іншых роўных умовах перамагаюць настроі, якія фактычна правакуюць грамадзтва на яшчэ большы пратэст. Бог і гісторыя ім судзьдзя. Думаю, што гэта ўсё ж сьведчаньне гістэрыі й нестабільнасьці, якая цяпер пануе ў нетрах самой гэтай сыстэмы”.

Сустаршыня аргкамітэту Аляксей Марачкін зьвярнуўся зь лістом да кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўрала Латыпава, у якім заклікаў не змушаць людзей да канфрантацыі ды зрабіць усё магчымае каб сьвяточная вечарына адбылася.

Калі ж улады не дадуць дазволу на яе правядзеньне, сябры аргкамітэту зьбіраюцца заклікаць людзей, што набывлі квіткі, падаць пазоў у суд супраць адміністрацыі Дому вэтэранаў.
XS
SM
MD
LG