Вядомая адвакатка Вера Страмкоўская згадвае з асабістага досьведу:
(Страмкоўская: ) “Нават я сама накіравала асабістую скаргу на тое, што была прыцягнутая да суду, зь мяне былі спагнаныя грошы за пытаньне, якое я задала падчас працэсу як адвакат. Два гады таму я накіравала гэтую скаргу — і нічога, дагэтуль чакаю выніку”.
Адвакат і праваабаронца Вера Страмкоўская згадала пра свой зварот у Камітэт правоў чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, які месьціцца ў Жэнэве. Што прымусіла яе туды зьвярнуцца? Два гады таму Маскоўскі раённы суд Менску прызнаў Страмкоўскую вінаватай у зьнявазе аднаго дзяржаўнага чыноўніка, і яна паспрабавала аспрэчыць гэтае рашэньне ў судзе вышэйшай інстанцыі. Спачатку калегія гарадзкога суду прыпыніла папярэдняе рашэньне раённага суду, але потым умяшаўся нехта ўплывовы, гэтак лічыць Страмкоўская, і рашэньне было пацьверджанае.
Тады адвакатка вырашыла, што пэрспэктываў абараніць свае правы ў Беларусі ў яе няма, і яна накіравала скаргу ў Жэнэву. Паводле яе зьвестак, гэткім чынам за апошнія пяць гадоў дзейнічалі яшчэ некалькі дзясяткаў чалавек. Зь іх больш-менш пашанцавала толькі двум грамадзянам Беларусі. Зь іх скаргамі ў жэнэўскім Камітэце правоў чалавека пагадзіліся ды накіравалі іх ў Беларусь з рэкамэндацымі да беларускіх судоў перагледзець гэтыя справы. Але беларускія суды дагэтуль імі не займаліся. Чаму?
Беларусь не ўваходзіць у Эўразьвяз, дзе дзейнічае Эўрапейскі суд правоў чалавека. Гэты суд месьціцца ў Страсбуры. Ягоныя рашэньні абавязковыя і для выканаўчых органаў краінаў Эўразьвязу. А вось рашэньні, якія прымае ААНаўскі камітэт правоў чалавека, носяць выключна дэклярацыйны характар, і таму беларускія чыноўнікі іх лёгка ігнаруюць. Для эўрапейцаў нядаўна зьявілася яшчэ адна магчымасьць дамагацца праўды — у Гаазе летась быў заснаваны Міжнародны крымінальны суд, які будзе разьбіраць справы аб злачынствах супраць чалавечнасьці ды іншыя канфлікты.
Пагадненьне пра гэты суд у Рыме падпісалі больш за 170 краінаў сьвету, але зноў жа не Беларусь. Чаму беларуская дзяржава трымаецца наводдаль ад дамоваў, якія прадугледжваюць міжнародную судовую абарону правоў грамадзянаў? Праваабаронца Вера Страмкоўская мяркуе, што беларускія чыноўнікі апасаюцца паразы ў такіх судах паводле справаў, якія ў Беларусі праз свой уплыў яны лёгка выйграюць. І тады скончыцца парадак, пры якім магчыма не лічыцца з правамі простых людзей.
Наш карэспандэнт Севярын Квяткоўскі распавядзе пра гісторыю аднаго марнага змаганьня чалавека зь дзяржаўнай машынай:
(Квяткоўскі: ) “Марыя Гацура зь вёскі Юзуфава Менскага раёну спрабуе атрымаць належную ёй пэнсію. Праблема ў тым, што згарэў архіў гаспадаркі Вішнёўка, дзе ўсё жыцьцё прапрацавала спадарыня Гацура:
(Гацура: ) “У мяне заніжаная пэнсія атрымалася. Даюць мне даведку: “У зьвязку са згубай дакумэнтаў”. Мне ня могуць выдаць сярэдняга заробку, зь якога налічаюць пэнсію. Гэта завецца “даведка формы нумар адзін”.
У адміністрацыі Вішнёўкі Марыі Гацуры адмовіліся дапамагчы:
(Гацура: ) “Там мяне ў штыкі прынялі. Я кажу, маўляў, калі ласка, спакайней размаўляйце. Я ж не прыйшла за вашай пэнсіяй, я прыйшла за чэсна заробленай. Вось якая дзяржава”.
У пошуках справядлівасьці спадарыня Гацура зьвярнулася ў шэраг дзяржаўных інстанцыяў:
(Гацура: ) “У адміністрацыю прэзыдэнта прыйшла. Там на прыёме сядзіць такі, паціснуў плячыма: “Марыя Віктараўна, я вам як чалавек спачуваю, а дапамагчы нічым не магу”.
Пэнсіянэрка зь Юзуфава яшчэ спадзяецца на суд:
(Гацура: ) “Судзіцца трэба. Працоўныя спрэчкі, яны бясплатна, па-мойму. Я ж таксама законы трохі чытаю. Трыццаць тысяч за пазоўную заяву. Я кажу, пабойцеся Бога — у мяне восемдзесят тысяч пэнсія. Я кажу, ня ведаю, што мне за яе набыць”.
Але спадарыню Гацуру насьцярожвае ня толькі неабходнасьць аддаваць траціну пэнсіі за пачатак судовага разьбіральніцтва:
(Гацура: ) “Трыццаць тысяч — гэта адна справа. Але мне юрыст не дае гарантыі. Кажа, у нас няма закону пар тое, з каго спагнаць і на чым грунтавацца. Дык вы мне хоць жа дайце сярэдні па рэспубліцы заробак! У зьвязку з тым, што згублены архіў! Грунтуйцеся на гэтым артыкуле”.
Марыя Гацура адзначае, што ейны выпадак далёка не адзіны. Жанчына зь вёскі Юзуфава толькі нядаўна выйшла на пэнсію. Яна яшчэ поўная сілаў і рашучасьці змагацца за свае правы. Але ўжо цяпер яе ахоплівае адчуваньне безвыходнасьці:
(Гацура: ) “Красьці я ня ўмею, я чэсна жыцьцё пражыла. Можа, мне ўзяць шапку ды сесьці ў мэтро? За 80 тысяч я не магу пражыць, дайце ж мне тое, што я зарабіла! І здароўе ў мяне такое надарванае! Каб толькі хто ведаў... Ды яшчэ мне на старасьці гадоў хадзіць па муках, як гаварыцца”.
* * *
Што робяць, каб пбольшала магчымасьць беларусаў абараняць сябе ў міжнародных судах? Паводле Веры Страмкоўскай, у эўрапейскіх структурах ведаюць пра праблему беларускіх грамадзянаў і спрабуюць дапамагчы яе вырашэньню. Пакуль дапамога ідзе збольшага празь недзяржаўныя структуры. Прыкладам, ужо навучаюцца адвакаты, якія будуць абараняць ахвяраў рэпрэсіяў у Гаагскім судзе. Вера Страмкоўская як прадстаўніца Беларусі брала ўдзел у такім трэнінгу. Але яна лічыць, што спадзявацца трэба ня толькі на замежную дапамогу, а найперш на саміх сябе:
(Страмкоўская: ) “Грамадзкая супольнасьць павінна больш актыўна дамагацца ад дзяржавы падпісаньня і ратыфікаваньня пагадненьняў адносна міжнароднай судовай дапамогі. Мы мусім больш пра гэта інфармаваць людзей, праводзіць адмысловыя мерапрыемствы, рабіць усе магчымыя захады. Толькі праз нашую актыўнасьць і магчыма зьмяніць пазыцыі ўлады”.