Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“НАВІНКІ” СУДЗЯЦЬ ЗА АБРАЗУ ЛУКАШЭНКІ


Севярын Квяткоўскі, Менск

Блізкая да асяродку беларускіх анархістаў выданьне “Навінкі” выходзіць ужо шосты год. Асоба першага прэзыдэнта РБ фігуруе на старонках газэты амаль штонумар. Яшчэ ў красавіку дзейнасьцю “Навінак” зацікавілася генэральная пракуратура.

Адказны за мэдыі чыноўнік угледзеў “распаўсюд праз СМІ наўперад непраўдзівых зьвестак, якія зьневажаюць гонар і годнасьць прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь” у аналітычным артыкуле “Другая беларуская канататыўная рэвалюцыя”, №7 за сакавік 2003 году. Артыкул прысьвечаны прыняцьцю Палаты прадстаўнікоў у Парлямэнцкую Асамблею Рады Эўропы. Паўлюка Канавальчыка выклікалі ў пракуратуру, дзе ён напісаў тлумачэньне.

Паводле словаў Паўлюка Канавальчыка, пытаньні ў пракуратуры ўзьніклі ня столькі да тэксту артыкулу, колькі да подпісаў да ілюстрацыі. У якасьці ілюстрацыі “навінкаўцы” ўзялі вядомы перадвыбарчы плякат “Прашу вашае падтрымкі”. На плякаце Аляксандар Лукашэнка стаіць на фоне натоўпу, і адну руку прыціскае да грудзей. З аднаго боку зьмешчаныя подпісы, якія ілюструюць нібыта пазытыўнае стаўленьне ПАРЭ да беларускіх уладаў, з другога боку – нэгатыўнае.

Вось для прыкладу адзін з подпісаў на плякаце, зроблены трасянкай: “Прышчураны пагляд, у якім іскрыцца хітрасьць і подласьць беларускага Нэрона”. І адразу ж контарвэрсія: “Мяшкі пад вачыма – наступства бяссонных ночаў, праведзеных у думках аб будучыні краіны”.

Паводле Паўлюка Канавальчыка, апублікаваны матэрыял ёсьць гратэскавым увасабленьнем меркаваньня ПАРЭ, такім, якім бачаць яго аўтары артыкулу “Другая беларуская канататыўная рэвалюцыя”.

Спадар Канавальчык зазначыў, што ня дзівіцца захадам пракуратуры, як на фоне папярэдніх рэпрэсіўных дзеяньняў беларускіх уладаў да незалежных выданьняў, так і да асобных журналістаў – у тым ліку Маркевіча, Мажэйкі й Івашкевіча.
XS
SM
MD
LG