Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕНСКАЯ МІЛІЦЫЯ ЗАТРЫМАЛА ЗДЫМАЧНУЮ ГРУПУ РАСЕЙСКАГА ТЭЛЕКАНАЛУ НТВ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

У момант затрыманьня яны запісвалі інтэрвію з жонкай аднаго зь вязьняў гэтай калёніі — вядомага прафэсара Гомельскага мэдыцынскага інстытуту Юрыя Бандажэўскага Галінай. Спачатку намесьнік начальніка менскай калёніі падпалкоўнік Лось забараніў журналістам весьці здымку, а потым былі выкліканыя міліцыянты з Фрунзенскага райаддзелу міліцыі, якія запатрабавалі пісьмовых тлумачэньняў з той прычыны, што журналісты нібыта парушаюць правілы рэжымнага аб'екту.

Між тым, карэспандэнт НТВ Павал Сілін перакананы, што справа зусім не ў магчымых фармальных парушэньнях нейкіх правілаў. Сілін спасылаецца на здымкі выхаду з турмы дэпутата Клімава, якія яны рабілі на гэтым самым месцы тыдзень таму.

(Сілін: ) "Мы здымалі якраз тут, калі Клімаў выходзіў на волю. Тады міліцыя ўсё ж разумела, што справа гэта палітычная, і канфлікту не было. А зараз усё атрымалася па-іншаму".

Пры гэтым журналіст запэўнівае, што гэтым разам яны не здымалі турму нават у якасьці фону. Паводле Паўла Сіліна, камэра была павернутая ў іншы бок, а месца здымкі побач з турмой тлумачыцца выключна тым, што тут была прызначаная сустрэча з Галінай Бандажэўскай, якая прыехала ў Менск, каб наведаць мужа ў калёніі.

Павал Сілін не выключае, што міліцыянты гэтак нэрвова адрэагавалі на зьяўленьне здымачнай групы НТВ побач зь менскай калёніяй менавіта таму, што пабачылі на НТВ сюжэт пра дэпутата Андрэя Клімава.

Што да наступстваў інцыдэнту, то журналісты не апасаюцца нейкіх перашкодаў для сваёй дзейнасьці ці карных захадаў. "Дамо тлумачэньні і на гэтым ўсё скончыцца", — кажа Павал Сілін. Аднак ён не выключае, што адміністрацыя калёніі ўчыніць нейкія перашкоды для спатканьняў з мужам Галіне Бандажэўскай.

Прафэсар Юры Бандажэўскі, вядомы сваімі навуковымі працамі ў дасьледаваньні наступстваў Чарнобылю, быў пакараны судом за хабарніцтва 8 гадамі зьняволеньня. Беларускія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць гэты прысуд палітычна матываваным.
XS
SM
MD
LG