Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧОРНЫ КАЛЯНДАР


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сьвятлана Завадзкая падтрымлівае зварот арганізацыі "Міжнародная амністыя" адносна магчымага сьмяротнага пакараньня абвінавачаных у выкраданьні Зьмітра Завадзкага. Дагэтуль не прызначаны судзьдзя, які будзе пераглядаць справу Андрэя Клімава. Людміла Карпенка пацьвердзіла зьвесткі пра просьбу аб атрыманьні палітычнага прытулку ў Нямеччыне.

Праваабаронцы з арганізацыі "Міжнародная амністыя" выказваюць асьцярогу, што пакараньне сьмерцю Ігнатовіча, Маліка, Савушкіна і Гуза, якіх падазраюць у выкраданьні Зьмітра Завадзкага, прывядзе да таго, што ніколі ня стануць вядомымі сапраўдныя арганізатары гэтага злачынства.

"Міжнародная амністыя" на падставе зьвестак пра справу Завадзкага і дадзеных аб працэсе не выключае, што выкраданьне апэратара ОРТ замовілі асобы з кіраўнічых колаў Беларусі і таму заклікае беларускія ўлады не сьпяшацца з прысудам, а больш уважліва расьсьледаваць справу Завадзкага.

Прысуд у гэтай справе прагучыць ужо 11 сакавіка ў Менскім абласным судзе. Пракурор запатрабаваў для ўсіх чатырох абвінавачаных сьмяротнай кары, аднак ніхто зь іх вінаватым сябе не прызнаў. Сьвятлана Завадзкая, жонка зьніклага апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага, пагаджаецца з пазыцыяй "Міжнароднай амністыі" наконт таго, што Ігнатовіча і ягоных саўдзельнікаў могуць зьнішчыць, каб схаваць праўду пра гэтае злачынства.

(Завадзкая: ) "Я ўяўляю мацярэй гэтых, якія цяпер пакутуюць, ня ведаючы, вінаватыя іхныя сыны ці не. Ды і ў нас няма стопрацэнтнай перакананасьці ў іхнай віне. Тут магчымыя два варыянты. Альбо яны вінаватыя, але толькі як выканаўцы, а тых, хто замовіў выкраданьне, нават не шукаюць. Альбо яны ўвогуле да выкраданьня Дзімы не датычныя і проста гэтае злачынства дадалі да іншых забойстваў, якія яны сапраўды зрабілі. Каб даць ім усім сьмяротную кару. І вось іх пакараюць, але што нам з таго, бо пра Дзіму ж нічога няма?"

***

Ужо паўтары тысячы дзён адбыў за кратамі дэпутат Андрэй Клімаў, якога праваабарончыя арганізацыі лічаць вязьнем сумленьня. Яшчэ на пазамінулым тыдні турэмная камісія ўлучыла Клімава ў сьпіс тых, хто можа разьлічваць на датэрміновае вызваленьне, і пачаўся адлік, магчыма, апошніх дзён зьняволеньня дэпутата.

Апазыцыя пры падтрымцы міжнароднай супольнасьці змагаецца за вызваленьне Клімава ўжо 4 гады. Аднак, паводле зьвестак з Цэнтральнага райсуду Менску, там ніяк ня вызначацца з тым, хто з судзьдзяў будзе пераглядаць справу Клімава. Ягоная жонка Тацяна ў камэнтары для "Свабоды" ня выключыла, што судзьдзі баяцца прымаць законнае рашэньне аб датэрміновым вызваленьні Клімава ва ўмовах, калі на іх ціснуць.

Старшыня Вярхоўнага суду на зьезьдзе судзьдзяў публічна назваў умовай вызваленьня Клімава тое, што ён прызнае сябе вінаватым. Тацяна Клімава лічыць гэта падобным да ціску на судзьдзяў, хаця спадар Сукала мяркуе, што ён проста выказаў сваю думку. Між тым справа не вырашаецца, а паводле закону застаўся толькі тыдзень, каб прыняць рашэньне пра далейшы лёс Клімава.

***

Людміла Карпенка, якая з пачатку году знаходзіцца ў Нямеччыне, публічна прызналася, што сапраўды зьвярнулася да ўладаў гэтай краіны па палітычны прытулак для сябе і сваіх родных. "Мне вельмі цяжка даўся гэты крок. Але пасьля прэзыдэнцкіх выбараў я ня бачыла для сябе ніякай магчымасьці актыўна займацца палітычнай дзейнасьцю ў Беларусі" — сказала Людміла Карпенка ў інтэрвію "Народнай волі".

Удава Генадзя Карпенкі распавяла пра тое, чаму ёй давялося звольніцца з працы, а працавала яна ў адным зь менскіх банкаў. Паводле Людмілы Карпенкі, пасьля сьмерці мужа ёй былі створаныя непрымальныя для працы ўмовы, да таго ж пачаліся пагрозы, калі яна публічна выказала падазрэньні, што Генадзь Карпенка не памёр сваёй сьмерцю, а быў забіты. Усё гэта разам і стала прычынай ад'езду Карпенкаў за мяжу.

Між тым Людміла Карпенка заяўляе, што гэты ад'езд — часовы. Да зьмены палітычнага рэжыму ў Беларусі. Што да статусу палітычных уцекачоў, то яго Карпенкі пакуль не атрымалі.

І апошняя навіна, зьвязаная з учорашнім жаночым сьвятам, якое дагэтуль дастаткова шырока адзначаецца ў Беларусі. Лідары Аб'яднанай грамадзянскай партыі наведалі сем’і рэпрэсаваных палітыкаў і павіншавалі жанчын з 8-ым сакавіка. Госьці з АГП пабывалі на Гарадзеншчыне у Валянціны Адамаўны Ганчар ды наведалі Ульяну Рыгораўну Захаранку ў пасёлку Васілевічы на Гомельшчыне.

Дарэчы, ўчора я размаўляў па тэлефоне з Вольгай Захаранка, якая жыве цяпер у Нямеччыне. Яна была вельмі ўдзячная сябрам свайго мужа, што не забываюць у бядзе Ўльяну Рыгораўну. "Дзякуючы гэтым чалавечым кантактам яна яшчэ трымаецца. Яна мне казала, што пасьля такіх сустрэч ў яе быццам новыя сілы зьяўляюцца, каб чакаць сына і верыць ў ягонае вяртаньне”, — паведаміла Вольга Захаранка, і сумна дадала: “А мы тут адны жывем, як на ўскрайку жыцьця".
XS
SM
MD
LG