Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІЛІЦЫЯНТАЎ АСУДЗІЛІ ЗА ЗАБОЙСТВА ЧАЛАВЕКА


Любоў Лунёва, Менск

Сёньня судзьдзя Заводзкага суду Менску Алег Каляда асудзіў старэйшага сэржанта міліцыі Андрэя Маляўку на год і сем месяцаў пазбаўленьня волі за перавышэньне службовых паўнамоцтваў і непаведамленьне пра злачынства, а старэйшага лейтэнанта Леаніда Корабава – на восем з паловай гадоў за нанясеньне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў, якія прывялі да сьмерці чалавека.

Летась Андрэй Маляўка і Леанід Корабаў дзяжурылі ў мэдвыцьвярэзьніку. Туды прывезьлі Аляксандра Кулакова, начальніка зьмены гадзіньнікавага завода. Празь нейкі час спадар Кулакоў заўважыў, што міліцыянты корпаюцца ў кішэнях ягонай вопраткі. Абураны, ён гукнуў да іх: "Мужыкі, што ж вы робіце!?"

Леанід Корабаў толькі на імгненьне зьбянтэжыўся, а потым пачаў зьбіваць затрыманага. Ён доўга біў Кулакова і гумовай дубінкай, і нагамі. Разьбіў твар, галаву, зламаў рэбры. Раніцай Аляксандр Кулакоў памёр.

Корабаў загадаў Маляўку, які ўсё бачыў, маўчаць. Мэдычная сястра мэдвыцьвярэзьніка напісала даведку, што ў Аляксандра Кулакова нібыта былі цялесныя пашкоджаньні, калі яго прывезьлі ў выцьвярэзьнік. Гэтая крымінальная справа магла не дайсьці да суду, калі б не ўмяшаўся сын забітага – хакеіст, які жыве ў Нямеччыне й гуляе ў Бундэс-лізе.

Ён спрабаваў самастойна дабіцца, каб прыцягнулі да адказнасьці забойцаў. Нават у судзе было агучана, што сын урэшце рэшт зьвярнуўся да свайго знаёмага сябра, які гуляе ў хакей з Лукашэнкам, каб той паспрыяў справе. Суд некалькі разоў вяртаў справу на дасьледваньне, але здолеў вынесьці прысуд. Мы зьвярнуліся па камэнтар да намесьніка старшыні БГК Гары Паганяйлы:

(Паганяйла: ) "У практыцы Беларусі такія справы не адзінкавыя. Мы ў падрыхтаваным дакладзе пра выкананьне Беларусьсю пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах прывялі дзясяткі падобных выпадкаў, у тым ліку, калі затрымліваюць удзельнікаў масавых акцыяў альбо п'яных асобаў. Звычайна ані органы пракуратуры, ані суды не разглядаюць заявы пацярпелых. Фактычна многія супрацоўнікі міліцыі ўхіляюцца ад адказнасьці за гвалтаваньні й катаваньні людзей. Нічога дзіўнага няма, што выпадак, які набыў галоснасьць, скончыўся такім чынам. Гэта рэдкі выпадак у практыцы Беларусі".

Родныя забітага Аляксандра Кулакова лічаць прысуд надта мяккім. Яны будуць падаваць апэляцыю, бо на іх думку міліцыянта Леаніда Корабава трэба караць за забойства, а не за перавышэньне службовых паўнамоцтваў і нанясеньне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў.
XS
SM
MD
LG