Амаль месяц таму Лоеўскі суд адмовіўся аднавіць на працы сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі, старшыню мясцовага клюбу выбарцаў Валерыя Канапляніка — ён быў паштальёнам суправаджэньня пошты ў раённым вузьле сувязі.
Падчас прэзыдэнцкай кампаніі спадара Канапляніка вымусілі напісаць заяву пра звальненьне, пагражаючы ў іншым выпадку звольніць яго за страту даверу. Гэта раўназначна "беламу білету", бо працу з такім запісам у раённым гарадку знайсьці практычна немагчыма.
Фармальнай падставай для ўціску зь явілася тое, што Валеры Канаплянік у рабочы час на 5 хвілінаў пакінуў аўтамашыну з поштай на кіроўцу, а сам зайшоў на выбарчы ўчастак высьветліць, якія дакумэнты патрэбныя для акрэдытацыі незалежным назіральнікам.
Райвыканкам абавязаў раённы вузел паштовай сувязі разабрацца з актывістам. Спрычынілася да звальненьня спадара Канапляніка і начальніца аддзелу кадраў дзяржаўнага прадпрыемства "Гомельаблпошта" Ала Шурко.
Сёньня ў абласным судзе юрыст "Гомельаблпошты" Аксана Петрусевіч адмаўляла дачыненьне начальнікаў свайго прадпрыемства да звальненьня Валерыя Канапляніка.
Калегія пад старшынёўствам Анатоля Дудзіча таксама ня ўгледзела прымусу. Рашэньне Лоеўскага суду пра адмову Канапляніку ў аднаўленьні на працы абласная судовая калегія пакінула бязь зьменаў.
Сам спадар Канаплянік паведаміў, што раённы вузел паштовай сувязі цяпер ня хоча прыняць яго на працу нават сантэхнікам.