Учорашняя відэастужка, якая трапіла ў мэдыі й спачатку падавалася фальшыўкай з-за невядомага аўтарства, становіцца ўсё больш праўдападобнай. Сёньня з пэўнасьцю можна казаць, што чалавек, які называе сябе супрацоўнікам КГБ Генадзем Угляніцам, сапраўды ім і зьяўляецца. Гэта нашаму радыё пацьвердзіла ягоная жонка Інэса Ўгляніца, а таксама ейны бацька Радзім Гарэцкі.
(Карэспандэнт: ) "Чалавек, які зьняты на стужцы, — ці сапраўды ваш муж?"
(Інэса Ўгляніца: ) "Так".
(Карэспандэнт: ) "Ці ведаеце вы, дзе ён зараз знаходзіцца?"
(Інэса Ўгляніца: ) "Нічога. Гэтак, як і вам, на жаль, нічога не вядома".
Акадэмік Радзім Гарэцкі дапоўніў сваю дачку:
(Радзім Гарэцкі: ) "Гэта ён на 100 адсоткаў".
(Карэспандэнт: ) "Вам вядома, дзе ён зараз?"
(Радзім Гарэцкі: ) "Нічога невядома. Вось дачка кажа, што ён у нядзелю пайшоў на працу і дамоў не вярнуўся. Мы даведаліся пра ўсё таксама з тэлебачаньня. Канечне, хвалюемся, а дзе ён і што зь ім — нічога ня ведаем".
(Карэспандэнт: ) "Ці вядома вам, што ён займаўся сваім расьсьледаваньнем справы зьніклых?"
(Радзім Гарэцкі: ) "Не, нічога. Я ведаю, што ён на гэтай... цяжкай службе, і таму ніякіх і пытаньняў не задаваў. Ён вельмі сьціплы, разумны, спакойны чалавек, і раней мы нічога ня ведалі", — сказаў пра свайго зяця, супрацоўніка КГБ Генадзя Ўгляніцу, акадэмік Радзім Гарэцкі.
Ад сваякоў Генадзя ўдалося атрымаць пра яго наступныя зьвесткі. Яму 30 гадоў, сам ён зь Менску, з простай рабочай сям'і. Мае двух дзяцей — сына 9 гадоў і 1-гадовую дачку. У КГБ працуе зь сярэдзіны 1990-х. Прыйшоў туды з Тэхналягічнага інстытуту, дзе пасьля заканчэньня вучыўся ў асьпірантуры. Скончыў менскую школу КГБ. Калегі Генадзя Ўгляніцы па працы вельмі зьдзіўленыя ягоным учынкам.
Кіраўнік цэнтру грамадзкіх сувязяў КГБ Фёдар Котаў не выключае, што Ўгляніцу скралі й прымусілі зрабіць гэтую заяву. Пры гэтым, як і ўчора, Котаў працягвае паўтараць, што "ідэнтыфікаваць" чалавека са стужкі як Угляніцу немагчыма з прычыны дрэннай якасьці запісу.
(Фёдар Котаў: ) "Падабенства ёсьць, але ідэнтыфікаваць з пэўнасьцю, сказаць, што гэта сапраўды ён — немагчыма, бо вельмі размытыя рысы твару на стужцы. Можа быць грым і што заўгодна. Што тычыцца вэрсіяў ягонага ўчынку, то яны самыя розныя — ад ягонага добраахвотнага ўдзелу ў гэтай правакацыі да выкраданьня і прымусовага ўтрыманьня", — мяркуе прадстаўнік КГБ Фёдар Котаў.
Пры гэтым ён запэўніў, што зьвесткі зь відэастужкі, якія ўяўляюць цікавасьць для сьледзтва ў справе Ганчара і Красоўскага, будуць правераныя. Паводле Фёдара Котава, менавіта дзеля такой праверкі ў Бягомль сёньня выправіўся з супрацоўнікамі зводнай сьледчай групы міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў.
Пасьля поўдня ў мэдыях ўжо зьявіліся зьвесткі пра вынікі паездкі міністра ў частку ўнутраных войскаў. Агенцтва "Інтэрфакс" паведаміла, што ніякіх сьлядоў "Джыпа", якім карысталіся Ганчар і Красоўскі, а таксама іхных целаў не знайшлі.
"Мы змаглі пераканацца, што ні рэльеф, ні структура мясцовасьці зьмененыя не былі", — паведаміў Уладзімер Навумаў журналістам пасьля наведваньня паласы перашкодаў пад Бягомлем, дзе паводле зьвестак супрацоўніка КГБ Генадзя Ўгляніцы могуць знаходзіцца рэшткі аўтамабіля Ганчара і Красоўскага. "Праверка месца з дапамогай мэталашукальніка таксама вынікаў не дала", — яшчэ адна цытата з паведамленьня міністра Навумава паводле "Інтэрфаксу".
Да таго ж Навумаў папярэдзіў, што на Генадзя Ўгляніцу і Андрэя Жарнасека могуць пачаць крымінальную справу за паклёп на супрацоўнікаў МУС.