Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАРГОВАЕ СЬВЕДЧАНЬНЕ ІСНАВАНЬНЯ “ЭСКАДРОНУ СЬМЕРЦІ”


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Алег Алкаеў, які цяпер у Нямеччыне, пракамэнтаваў апошнія падзеі вакол справы Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага і свой рапарт пра пісталет, якім забіваюць асуджаных злачынцаў. У сёньняшнім нумары "Белорусской деловой газеты" ён пацьвердзіў усё, што пісаў у рапарце на імя міністра Навумава.

Алег Алкаеў пацьвердзіў, што пісталет для выкананьня сьмяротных пакараньняў ён выдаваў паводле загаду начальства Дзьмітрыю Паўлічэнку. Пісталет выдаваў двойчы, і гэтыя дні супалі з днямі, калі зьнік Юры Захаранка, а потым Ганчар і Красоўскі. Тады ў Алкаева ўзьніклі першыя падазрэньні. Ён таксама супаставіў той факт, што пісталет для сьмяротных пакараньняў прыстасаваны толькі для забойства людзей з блізкай дыстанцыі, і тое, што Паўлічэнка не тлумачыў, навошта атрымліваў зброю.

Насьцярожылі Алкаева і паказаньні сьведкаў захопу Захаранкі, якія бачылі, што злачынцы зьехалі на аўтамабілі "ВМW" чырвонага колеру. Між тым, сьцьвярджае Алкаеў, на падобным аўтамабілі "разьяжджаў Дзіма Паўлічэнка, і гэтым ганарыўся". Яшчэ адзін факт супраць камандзіра СОБРу Паўлічэнкі — гэта тое, што ён аднекуль даведаўся пра месца, дзе хаваюць расстраляных.

Падсумаваўшы свае здагадкі, Алкаеў прыйшоў да высновы, што Паўлічэнка мае непасрэднае дачыненьне да справаў Захаранкі, Ганчара і Красоўскага, і зьвярнуўся да свайго найбліжэйшага кіраўніцтва.

Алкаеў сьцьвярджае, што міністар Уладзімер Навумаў правёў нараду паводле ў тым ліку і гэтага рапарту, і неўзабаве Паўлічэнку арыштавалі, а потым адбыліся гучныя адстаўкі генэральнага пракурора Бажэлкі і старшыні КГБ Мацкевіча, а Паўлічэнка апынуўся на волі. Алкаеў не бярэцца адказваць за Бажэлку і Мацкевіча — чаму яны маўчаць, але спадзяецца, што калі-небудзь яны ўсё патлумачаць.

Увогуле, Алег Алкаеў перакананы, што пасьля перамогі дэмакратычнага кандыдата да пракуратуры паўстане чарга тых, хто захоча распавесьці праўду пра зьнікненьні беларускіх апазыцыянэраў. Маўляў, сьведкаў дастаткова, проста гэтыя людзі цяпер запалоханыя.

Размова з Алкаевым у "БДГ" завершылася паведамленьнем пра тое, што 25 жніўня ў яго сканчаецца гасьцявая нямецкая віза. Аднак, як удалося высьветліць сёньня непасрэдна ў Алкаева, вяртацца на радзіму ён пакуль не зьбіраецца. Журналістка Марына Коктыш размаўляла з Алегам Алкаевым па тэлефоне і распавяла Радыё "Свабода" наступнае:

(Коктыш: ) "Ён яшчэ падумае, што рабіць, пачакае вынікаў выбараў. Кажа, што адмаўляцца ад сваіх словаў не зьбіраецца, а гарантыяй жыцьця сваіх сваякоў у Беларусі разглядае тое, што ён сам жывы. Таксама Алкаеў казаў , што зараз некаторыя асобы вельмі жадалі б зьнішчыць тых, хто ўваходзіць у эскадроны сьмерці, але гэтага, мяркуе Алкаеў, не атрымаецца".

Пра рэакцыю пракуратуры, якая вядзе расьсьледаваньне справаў Захаранкі, Ганчара і Красоўскага, даведацца не ўдалося. Тэлефон прэсавага сакратара пракуратуры Беларусі Таранава ўвесь час маўчыць, а тэлефон сьледчага Сяргея Новікава, наадварот, пастаянна заняты. А прэсавы сакратар МУС падпалкоўнік міліцыі Дзьмітры Партон адмовіўся камэнтаваць абвінавачаньні на адрас падпалкоўніка міліцыі Дзьмітрыя Паўлічэнкі.

Карэспандэнт газэты "7 дней" Уладзімер Ветраў нядаўна браў у Паўлічэнкі інтэрвію і спытаўся тады наконт ягонага дачыненьня да справаў зьніклых. Вось што распавёў Уладзімер Ветраў пра адказ Паўлічэнкі:

(Ветраў: ) "Гэта ягоная справа, ён устрымліваецца ад камэнтароў і заяўляе, што ня мае дачыненьня да гэтай справы. А пасьля выбараў зьбіраецца падаць на ўсіх у суд".

Уладзімер Ветраў з газэты "7 дней" ня ведае, чаму камандзір брыгады адмысловага прызначэньня вырашыў чакаць выніку прэзыдэнцкіх выбараў.
XS
SM
MD
LG