Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАДСТАЎНІКІ ПРАВААБАРОНЧАЙ АРГАНІЗАЦЫІ "ГЕЛЬСЫНКІ-21" ЗАЯВІЛІ, ШТО ЎЛАДЫ НАЎМЫСНА НЕ РЭГІСТРУЮЦЬ АРГАНІЗАЦЫЮ НАПЯРЭДАДНІ ВЫБАРАЎ


Ягор Маёрчык, Менск

"Вайной з праваабаронцамі" назвалі ўдзельнікі сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі дзеяньні ўлады. За апошні час Міністэрства юстыцыі адмовілася рэгістраваць 4 праваабарончыя арганізацыі — "Смаргонскі праваабарончы цэнтар", "Прававую дапамогу насельніцтву", менскую гарадзкую арганізацыю "Праваабаронца" і рэспубліканскае аб'яднаньне "Гельсынкі-ХХІ". Сябры апошняй падалі скаргу ў Вярхоўны суд, але там скаргу не задаволілі. Праваабаронцы лічаць падставы для такога рашэньня надуманымі.

Старшыня арганізацыі "Гельсынкі-ХХІ" Валеры Філіпаў так пракамэнтаваў рашэньне суду:

(Філіпаў: ) "Зьяўленьне гэтага вызначэньня суду не выпадковае, і яно прадыктаванае цяперашняй сытуацыяй у Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Відавочнае жаданьне Вярхоўнага суду — як мага болей зацягнуць усе гэтыя справы і не прымаць ніякіх канкрэтных рашэньняў. Там цяпер усё замарожана. Фактычна паралізаваная праца такога дзяржаўнага органа як Вярхоўны суд: ніякіх станоўчых рашэньняў цяпер ня будуць прымаць".

Сузаснавальнік арганізацыі Аляксандар Патупа перакананы, што да рашэньняў Мінстэрства юстыцыі і Вярхоўнага суду спрычынілася Рэспубліканская камісія ў справе рэгістрацыі і перарэгістрацыі грамадзкіх арганізацыяў, палітычных партыяў і прафэсійных зьвязаў на чале з Уладзімерам Замяталіным.

(Патупа: ) "Існуе нейкая незразумелая, напалову легальная структура Замяталіна. Паколькі ён першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта, атрымліваецца, што адміністрацыя камандуе жыцьцём і сьмерцю грамадзкіх арганізацыяў. Камісія Замяталіна выносіць завочны прысуд арганізацыі. Гэта тое самае, што братва на сходцы вынесла б прысуд, а пасьля хтосьці з аўтаматам паехаў яго выконваць. Мабыць, нашая арганізацыя ўяўляе небясьпеку напярэдадні выбараў".

Сябры "Гельсынкаў-ХХІ" кажуць, што не пасьпеюць зарэгістраваць арганізацыю да прэзыдэнцкіх выбараў. З гэтай нагоды яны зьбіраюцца падаваць скаргу ў Камітэт правоў чалавека Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў.


XS
SM
MD
LG