Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СПРОБА АДСУДЗІЦЬ У МІЛІЦЫІ СЕМ МІЛЬЁНАЎ РУБЛЁЎ ЗА НЕЗАКОННАЕ ЗАТРЫМАНЬНЕ


Любоў Лунёва, Менск


У Маскоўскім судзе Менску пачаўся разгляд пазову сябра Цэнтральнага камітэту сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада" Алеся Станкевіча да супрацоўнікаў Маскоўскага аддзелу міліцыі аб спагнаньні зь іх грашовай кампэнсацыі за незаконнае затрыманьне.

У Маскоўскім раённым судзе Менску Алесь Станкевіч дамагаецца, каб міліцыянтаў прызналі вінаватымі ў незаконным затрыманьні і спагналі зь іх грошы за маральныя страты, бо менавіта пасьля гэтага затрыманьня спадара Станкевіча зьнялі з пасады загадчыка кафэдры фізычнага выхаваньня ў недзяржаўным унівэрсытэце. Памер гэтых стратаў пацярпелы ацэньвае на 7 мільёнаў рублёў.

Падзея, якая стала падставаю для судовага разьбіральніцтва, адбылася яшчэ 3 гады таму, падчас сьвяточнага шэсьця 1 траўня. Некалькіх сяброў Сацыял-дэмакратычнай партыі затрымалі супрацоўнікі Маскоўскага аддзелу міліцыі. Тры дні іх трымалі ў прыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна. Суд, які адбыўся тады над імі, не знайшоў нейкага правапарушэньня з боку сацыял-дэмакратаў і спыніў адміністрацыйныя справы, якія пачалі міліцыянты.

На сёньняшнім паседжаньні міліцыянты заявілі хадайніцтва, каб суд прыцягнуў як адказчыка і гарадзкое ўпраўленьне міліцыі. Бо, па-першае, раённыя аддзяленьні міліцыі падпарадкоўваюцца гарадзкому ўпраўленьню і выконваюць ягоныя загады, а па-другое, толькі гарадзкое ўпраўленьне мае юрыдычны адрас і таму павінна ўдзельнічаць у маёмасных спрэчках. Суд задаволіў хадайніцтва, а значыць, судовы працэс будзе мець працяг. Наступнае паседжаньне прызначылі на 18 ліпеня.

Справа Алеся Станкевіча ў спагнаньні грашовай кампэнсацыі зь міліцыі — другая пасьля аналягічнага пазову сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімера Раманчука. У справе спадара Раманчука суд прызнаў дзеяньні міліцыянтаў незаконнымі, але грашовы пазоў не задаволіў.



XS
SM
MD
LG