Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СМАРГОНІ МІЛІЦЫЯНТ, ДАМАГАЮЧЫСЯ ПРЫЗНАНЬНЯ ВІНЫ, СТРЭЛІЎ У ШЫЮ 18-ЦІ ГАДОВАМУ ХЛОПЦУ


Ігар Карней, Менск


18-гадовага Андрэя Валынца затрымалі, падазраючы яго ва ўзломе аўтамабіляў. Ня маючы ніякіх доказаў, міліцэйскі патруль пачаў дамагацца, каб Валынец прызнаўся ў шэрагу крадзяжоў з прыватных машынаў. Пачаліся пагрозы, бо хлапца быццам бы заўважылі яшчэ падчас несанкцыянаваных пікетаў.

У спрэчцы (а Валынец не разумеў, чаму патруль у цывільнай вопратцы) міліцыянты пачалі пагражаць зброяй, пасьля чаго адзін зь іх пальнуў па-сапраўднаму. Сьцякаючага крывёй Валынца пагрузілі ў міліцэйскі “ўазік” і завезьлі ў пастарунак. Менавіта гэтак распавёў пра падзеі ў часе судовых паседжаньняў абаронца Андрэя Валынца, сябар Беларускага Гельсынскага камітэту Алесь Дзергачоў.

Намаганьнямі Дзергачова, апроч раённага аддзелу ўнутраных справаў, да адказнасьці прыцягнулі й смаргонскі шпіталь, дзе пацярпеламу пасьля ўсё ж аказалі дапамогу, але з прычыны нізкай кваліфікацыі дзяжурнага пэрсаналу ў хворага пачаліся сур'ёзныя ўскладненьні.

Гаворыць Алесь Дзергачоў:

(Дзергачоў: ) “Адметна, што міліцыянт страляў пасьля таго, як хлопец выканаў усе ягоныя патрабаваньні. Яго даставілі ў пастарунак і толькі потым у шпіталь, дзе дапамаглі ня так, як належала: прынамсі, пазьней на тры тыдні ён трапіў у стацыянар.

Высьветлілася, што адным днём з пастарунку не перадалі просьбу Валынца наконт перавязкі. Усе гэтыя моманты сталі падставай для пазову ў суд на спагнаньне стратаў зь міліцыі й шпіталю. Дзесяць дзён таму пазоў задаволены на карысьць пацярпелага”.

(Карэспандэнт: ) “Гэткі прэцэдэнт для вас як для праваабаронцы дастаткова важны?”

(Дзергачоў: ) “Мне здаецца, мала каму шэнціла ня тое што спагнаць зь міліцыі, але й даказаць наагул, што нешта адбылося. Звычайна ўсё бяздоказна.

Апошнія некалькі гадоў у Смаргоні людзі зьвяртаюцца са скаргамі: зьбіваюць у міліцыі. Не змаглі даказаць аніводнага выпадку! У пастарунак трапляюць, а там адказ адзін: ніхто нікога не чапаў”.

Праваабаронца Алесь Дзергачоў таксама паведаміў, што смаргонскія міліцыянты адмаўляюцца прызнаць перавышэньне службовых паўнамоцтваў.

Прынамсі, ніякіх захадаў да міліцыянта, які страляў па Валынцы, няма. Хоць суд і абавязаў раённы аддзел унутраных справаў выплаціць Валынцу 115 тысяч рублёў (яшчэ 50 тысяч рублёў вінен гарадзкі шпіталь), прадстаўнікі праваахоўчых органаў у судзе адмовіліся прызнаць сябе вінаватымі.
XS
SM
MD
LG