Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЭПУТАТ АНДРЭЙ КЛІМАЎ ЗАСТАЕЦЦА ЗА КРАТАМІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Суд не знайшоў падставаў для перагляду справы Андрэя Клімава. Пра гэта Тацяне Леановіч, жонцы Андрэя Клімава, паведаміў старшыня гарадзкога суду Менску.

Пры канцы мінулага году разам з адвакаткай Вольгай Біруляй Тацяна Леановіч накіравала ў гарадзкі суд наглядчую скаргу з просьбай зноў вярнуцца да прысуду. Судзьдзям далі адразу некалькі важкіх аргумэнтаў на карысьць перагляду.

(Леановіч: ) "Дамова не была выкананая, узаемаразьлікі ня зробленыя, да фінансаваньня аб'екту прыцягвалі ўласныя сродкі, якіх дагэтуль не вярнулі, хаця яны большыя за памер стратаў, што быццам нанесьлі дзяржаве", — пералічвае Тацяна Леановіч аргумэнты на карысьць таго, што справа Клімава цалкам гаспадарчая й павінна разглядацца гаспадарчым судом.

Аднак старшыню гарадзкога суду гэтыя доказы не пераканалі, як раней не далі вынікаў звароты ў іншыя судовыя інстанцыі.

Тымчасам, паводле Тацяны Леановіч, ідзе рабаўніцтва будаўнічай фірмы, якую раней узначальваў Андрэй Клімаў. Нягледзячы на тое, што маёмасьць гэтага акцыянэрнага таварыства належыць яшчэ прыкладна 500 акцыянэрам, суд наклаў на яе арышт і вырашыў аддаць усё дзяржаве. Пры гэтым, мяркуе Леановіч, быў парушаны закон.

(Леановіч: ) "Паводле закону, спачатку ідзе кампэнсацыя стратаў. Дык вось, судзьдзя Вера Тупік цалкам гэта праігнаравала. Маёмасьць таварыства яна пастанавіла лічыць не кампэнсацыяй, а проста арыштаванай маёмасьцю асабіста Клімава.

Па-першае, гэта парушае правы астатніх акцыянэраў, а па-другое, атрымаецца, што Андрэй ніколі не кампэнсуе стратаў, прызнаных судом, і ня зможа скарыстацца чарговай амністыяй.

Мне падаецца, гэта ня проста памылка судзьдзі. Сытуацыя кантралюецца зьверху, каб як мага далей трымаць Андрэя ў турме", — лічыць Тацяна Леановіч.

Нагадаю, дэпутат Андрэй Клімаў правёў за кратамі ўжо 3 гады. Паводле прысуду, яму належыць быць у зьняволеньні яшчэ столькі ж.

XS
SM
MD
LG