Справу Юліі Чыгір сёньня пераглядала калегія па крымінальных справах Менскага гарадзкога суду. Юлія Чыгір дамагалася скасаваньня пакараньня, але судзьдзі пакінулі ранейшае рашэньне Фрунзенскага райсуду.
Нагадаю, жонку экс-прэм'ера прызналі вінаватай у тым, што перашкаджала дзеяньням міліцыянтаў, а аднаго нават нязначна траўмавала — укусіла за вуха. Гэта адбылося летась у траўні на ганку суду за дзесяць хвілінаў да таго, як абвесьцілі прысуд экс-прэм'еру Міхаілу Чыгіру.
Міліцыянты тады не пускалі людзей, у тым ліку сваякоў экс-прэм'ера, у будынак суду.
Сёньня Юлія Чыгір прапанавала судзьдзям для прагляду відэакасэту тых падзеяў, але ейнага хадайніцтва не задаволілі. Не пажадалі судзьдзі й праслухаць магнітафонны запіс паказаньняў сьведак, якія, паводле Юліі Чыгір, разыходзяца з пратаколам працэсу ў Фрунзенскім судзе.
Перагляд справы зьвялі да прамовы Юліі Чыгір, якую судзьдзя Назарэнка некалькі разоў перапыняў, выступу адваката й патрабаваньня пракурора пакінуць прысуд бязь зьменаў.
Юлія Чыгір не хавала свайго расчараваньня. Яна кажа, што ўсё ж спадзявалася на захаваньне хаця б бачнасьці аб’ектыўнасьці судзьдзяў. Яна чакала калі не апраўданьня, то рашэньня пра перагляд. Спадарыня Чыгір перакананая, што падставаў для гэтага было дастаткова.
(Ю.Чыгір: ) "Справу прынялі на разгляд з парушэньнямі майго права на абарону. Справу разглядалі ў судзе абы-як. Пратакол фальсыфікаваны — гэта відавочна.
Ніводны зь міліцыянтаў ня даў паказаньняў, што я нешта парушала, што я лаяла іх — але прысуд пра гэта кажа. Няма ў прысудзе ніводнага дакумэнта, які б сьведчыў, што я такія дзеяньні рабіла. Нічога, акрамя таго, што я ўкусіла за вуха. Але ж для гэтага былі падставы".
Цяпер Юлія Чыгір будзе падаваць наглядную скаргу ў Вярхоўны суд, хаця мяркуе, што й гэта ніякага выніку ня дасьць. Спадзяецца яна толькі на прэзыдэнцкія выбары.