Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧОРНЫ КАЛЯНДАР


Алег Грузьдзіловіч, Менск


Прадстаўнікі рабочай групы па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, якія на гэтым тыдні наведвалі Беларусь, сустрэліся са сваякамі зьніклых беларукіх палітыкаў і палітычных вязьняў. Спадары Герт Вайскірхэн і Ўрбан Алін заклапочаныя тым, што ў Беларусі цягам амаль двух гадоў зьнікаюць вядомыя апазыцыянэры, а ўладам нікога не ўдаецца знайсьці. Пасланцы Эўропы выказалі маральную падтрымку Зінаідзе Ганчар і Ірыне Красоўскай, якія ўдзельнічалі ў сустрэчы.

Жонка бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, зьніклага разам з Віктарам Ганчаром ў верасьні пазамінулага году, заявіла з гэтай нагоды Радыё Свабода:

(Красоўская: ) “Добра, што хоць нехта чымсьці цікавіцца, бо калі б не было гэтай цікаўнасьці, мы страцілі б ўсе надзеі, што калі-небудзь даведаемся праўду пра нашых мужоў”,

– сказала Ірына Красоўская. Паводле яе бязьдейнасьцю адметныя ня
толькі сьледчыя, што вядуць справы зьніклых. Калі б беларускае грамадзтва было больш салідарным, праблемы зьніклых не ўзьніклі б, – сказала жанчына і зрабіла заўвагу, што нашых людей гора закранае толькі калі тычыцца іх непасрэдна .

Справа зьніклага апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага таксама ня рухаецца. Ва ўсялякім разе афіцыйныя прадстаўнікі і на гэтым тыдні маўчалі адносна гэтай справы. А вось з недзяржаўных мэдыяў стала вядома, што і расейская пракуратура праводзіла праверку, ці няма ў Расеі Зьмітра. Гэта пацьвердзіў карэспандэнту Радыё Свабода генэральны пракурор Расеі Ўладзімер Усьцінаў і нават паабяцаў не хаваць зьвесткі пра дадзеныя, сабраныя расейскімі сьледчымі, у сакрэце.

(Усьцінаў: ) "Тое, што нашыя сьледчыя тут праводзілі, я думаю, тайны ніякай ў тым няма. Калі Вас канкрэтна цікавіць, што было знойдзена нашымі сьледчымі, напішэце на маё імя заяву, мы вам дамо адказ," – гэтак спадар Усьцінаў адчапіўся ад карэспандэнта Радыё Свабода. Нагадаю, раней сваякі Завадзкага ўжо зьвярталіся ў генэральную пракуратуру Расеі, але адказу не атрымалі.

Тацяна Леановіч, жонка дэпутата Андрэя Клімава, які ўжо больш за тры гады сядзіць за кратамі, атрымала ад яго ліст, частка якога прысьвечана будучым прэзыдэнцкім выбарам ў Беларусі. Клімаў незадаволены тым, як беларускія апазыцыянэры вядуць перадвыбарчую падрыхтоўку. Тацяна кажа:

(Клімава: ) “Андрэй мяркуе, што каб выйграць бойку, трэба прыкласьці шмат намаганьняў, барацьбе трэба аддаваць ўсе сілы. Ён сыходзіць са свайго жыцьцёвага досьведу, калі эканоміць сілы, то ніколі не пераможаш. Пакуль нашыя апазыцыянэры паводзяць сябе вельмі квёла," – перадае зьмест дэпутацкага ліста ягоная жонка.

І напрыканцы колькі словаў пра справу Чыгіра-малодшага, якая застаецца ў цэнтры ўвагі грамадзкасьці, ў тым ліку, і дзякуючы няўклюдным захадам афіцыйнай прапаганды. На гэтым тыдні БТ паведаміла, нібыта, прызналіся ў сувязях з сынам экс-прм’ера два затрыманыя выкрадальнікі аўтамабіляў. Але сьледчыя (відаць, недастаткова праінструктаваныя) гэтыя зьвесткі не пацьвердзілі. Затое яны далі загад пільнаваць за кватэрай Чыгіра-малодшага, дзе пражывае ягоная жонка і гадавалы сын. Цяпер, паводле Юліі Чыгір, маці затрыманага, побач з ягоным пад'ездам стаіць машына, нашпігаваная падслухоўваючай апаратурай. Але навошта? У Юліі Чыгір на гэты конт свая вэрсія. Яна па-ранейшаму перакананая, што яе сына арыштавалі, каб скампрамэтаваць Міхаіла Чыгіра, які не адмаўляецца ад плянаў стаць прэзыдэнтам Беларусі.
XS
SM
MD
LG