Многія нашы слухачы пажадалі ўдзельнічаць у дыскусіі пра вартасьці і заганы беларускай апазыцыі. Размова, нагадаю, пачалася з камэнтара да ліста Віктара Кавешнікава, што прагучаў на нашых хвалях 25 траўня, і была працягнутая лістом Мікалая Лясовіча зь Менску 2 ліпеня. Спадар Лясовіч выказаў расчараваньне з нагоды маіх заўвагаў пра слабыя бакі апазыцыі.
Выснову пра тое, што дзейнасьць апазыцыйных лідэраў цяжка назваць плённай і эфэктыўнай, слухач назваў павярхоўнай і несправядлівай. У сваім чарговым лісьце Мікалай Лясовіч працягвае гэтую тэму:
“Тыя, хто сьцьвярджаюць, што апазыцыя слабая, што яна не падтрымліваецца народам і церпіць няўдачу за няўдачай, што яна неэфэктыўная — дапускаюць трайную памылку. Па першае, гэта не адпавядае рэчаіснасьці (дасягненьняў у апазыцыі шмат — хоць бы тое, што цывілізаваны сьвет не прызнае рэжым Лукашэнкі, які баіцца сумленных і справядлівых выбараў; што грамадзтва ведае пра зьнікненьне апанэнтаў рэжыму; што ў Беларусі няма ніводнай палітычнай групоўкі, якая б падтрымлівала ўваходжаньне Беларусі ў склад Расеі).
Па-другое, такія высновы дапамагаюць Лукашэнку дамагацца, каб народ апанавала пачуцьцё безнадзейнасьці ў барацьбе супраць дыктатуры, якое, на жаль, і так вельмі распаўсюджанае.
А па-трэцяе, гэта крыўдзіць тых, хто працягвае мужна змагацца супраць дыктатуры. І гэтыя людзі не забудуць сваёй крыўды, калі настане іншы час.
Заканчвае Мікалай Лясовіч зь Менску свой ліст крытычнымі заўвагамі асабіста да мяне:
“Вашыя абвінавачаньні на адрас апазыцыі вельмі зьдзівілі мяне яшчэ і таму, спадар Жданко, што раней вы шмат разоў цытавалі гэтыя ж меркаваньні ў абарону апазыцыі безь пярэчаньняў. Кажуць, што нашыя недахопы — працяг нашых жа вартасьцяў. У такіх разумных людзей, як вы, натуральнае пачуцьцё перавагі над іншымі вядзе да зазнайства і неабдуманых выказваньняў. Толькі жорсткая ўнутраная самакрытычнасьць можа дапамагчы пазьбегнуць такіх памылак.
Шкада, што бальшавікі спаганілі добрае слова “самакрытыка”, подла выкарыстоўваючы яго дзеля прыніжэньня людзей хлусьлівымі самаабвінавачаньнямі. З павагай і жалем — Мікалай Лясовіч, стары настаўнік, Менск”.
Запэўніваю вас, спадар Лясовіч, што з павагай і без усялякай пагарды стаўлюся да любога меркаваньня, выказанага ў лістах. І асабліва да думак тых нашых слухачоў, якія (падобна, як вы) ставяцца да пачутага ўдумліва і зацікаўлена. У сваіх камэнтарах, аналізуючы дзейнасьць апазыцыі, я не зьбіраўся крыўдзіць ці зьневажаць шараговых удзельнікаў масавых акцыяў. Размова ішла найперш пра тых, хто выпрацоўвае стратэгію і тактыку, хто заклікае людзей на вуліцу, хто складае выбарчыя сьпісы кандыдатаў і наладжвае выбарчыя кампаніі сваіх партыяў
...Іншымі словамі, мелася на ўвазе кіраўніцтва апазыцыі. Ці можна назваць іхную дзейнасьць плённай і ці ёсьць падставы сьцьвярджаць, што апазыцыя мае масавую падтрымку? Існуюць аб’ектыўныя паказьнікі, і найперш рэйтынгі, якія на падставе сацыялягічных дасьледаваньняў складаюць незалежныя інстытуты. Нават павярхоўнага аналізу іх дастаткова, каб зрабіць выснову, што пра посьпехі і дасягненьні апазыцыі гаварыць заўчасна.
І апошняе — наконт таго, што крытычныя заўвагі на адрас апазыцыі нібыта спараджаюць безнадзейнасьць у грамадзтве. Няўжо вы, спадар Лясовіч, усур’ёз лічыце, што варта пачаць хваліць ды ўслаўляць апазыцыю — і стаўленьне да яе ў грамадзтве імгненна зьменіцца?
Аб’ектыўная інфармацыя і ўсебаковы аналіз падзеяў і зьяваў — вось галоўныя прынцыпы нашай працы. Асобы апазыцыйных актывістаў ня могуць і ня будуць для нас недатыкальнымі толькі з тае прычыны, што іхныя партыі ставяць перад сабой дэмакратычныя мэты. А ўвогуле, незалежнасьць ад любых палітычных партыяў ці апазыцыйных групаў альбо арганізацыяў — у падмурку дзейнасьці Радыё Свабода.
Тадэвуш Касьцевіч са Слоніму піша:
“Колькі можна далдоніць пра адно і тое ж: “зьніклыя”, “ланцуг неабыякавых людзей”, “эскадроны сьмерці”... Пакіньце вы ў спакоі памяць гэтых людзей. Любому ж ясна: ніхто і ніколі не даведаецца, куды і як яны зьніклі. Сьляды даўно зьнішчаныя.
Вы б лепш думалі пра нас, хто пакуль жывы. І давалі б больш новай праўдзівай інфармацыі. Бо тое, што можна пачуць па дзяржаўным радыё ці прачытаць у дзяржаўных газэтах, выклікае хіба што саркастычную ўсьмешку: ня ведаеш нават, ці то рагатаць, ці то плакаць над усёй гэтай хлусьнёй”, — напісаў Тадэвуш Касьцевіч са Слоніму.
Не пісаць, забыць, ня згадваць пра лёсы Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Зьмітра Завадзкага — гэта якраз тое, чаго дамагаецца ўлада. Чаму мы так шмат месца надаем гэтай тэме? Найперш дзеля таго, каб не было новых зьнікненьняў. Толькі пільная грамадзкая ўвага да лёсаў зьніклых можа засьцерагчы ад паўтарэньня гэтай драмы.
А наконт таго, што ўсе сьляды зьнішчаныя і ніхто нічога не даведаецца — гэтая вашая выснова, спадар Касьцевіч, пасьпешлівая. Амаль усе гучныя злачынствы, у якіх пакінута столькі сьлядоў і задзейнічана столькі асобаў, урэшце раскрываюцца. Сьведкі, напэўна, зьявяцца і загавораць, як толькі гэта стане для іх бясьпечна.
Аліна Дуброўская зь Дзяржынску (Койданава) цалкам падтрымлівае пазыцыю, выказаную Ўладзіславам Міцкевічам з Браслава ў лісьце, што быў агучаны 27 ліпеня. Размова, нагадаю, ішла пра адно з апытаньняў, праведзеных журналістамі Свабоды на вуліцах Менску на тэму магчымага рэфэрэндуму аб падаўжэньні прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі. Як і Ўладзіслаў Міцкевіч, Аліна Дуброўская лічыць, што мы не павінны пытацца ў людзей, як яны прагаласавалі б на магчымым рэфэрэндуме. Слухачка піша:
“Такое пытаньне — заклік браць актыўны ўдзел у галасаваньні. Тыя палітыкі й сродкі масавай інфармацыі, якія заклікаюць прыйсьці на выбарчыя ўчасткі, каб забясьпечыць кворум, зьдзяйсьняюць нацыянальную здраду. Пры цяперашнім рэжыме ня мае значэньня, як прагаласуюць людзі. Выбарчыя камісіі зробяць тое, чаго ад іх патрабуюць улады.
Заклікаючы грамадзянаў прыйсьці на выбарчыя ўчасткі, Анатоль Лябедзька, Вінцук Вячорка ды іншыя так званыя дэмакраты дзейнічаюць супольна з уладамі. Размовы пра трэці тэрмін Лукашэнкі — прынада, каб зацягнуць людзей на рэфэрэндум. У выніку мы можам згубіць краіну. А хто стане губэрнатарам “Северо-Западного края” — Лукашэнка альбо генэрал Фралоў, гэта ўжо ня будзе мець значэньня. Заклікаць туды, дзе абавязкова падмануць, могуць толькі палітычныя авантурысты”, — робіць выснову Аліна Дуброўская зь Дзяржынску (Койданава).
Дзіўна, спадарыня Дуброўская, што вы расцэньваеце як заклік да ўдзелу ў рэфэрэндуме ўжо адну толькі згадку пра тое, што такі рэфэрэндум магчымы і што менавіта гэтым шляхам Аляксандар Лукашэнка можа паспрабаваць падоўжыць сваё знаходжаньне пры ўладзе. Калі кіравацца такой лёгікай, дык тады ўвогуле трэба маўчаць пра ўсё, што датычыць выбараў ды рэфэрэндуму — маўляў, усё роўна падмануць. Бо раптам слухачы, пачуўшы, што такі рэфэрэндум магчымы, падумаюць, што гэта заклік ісьці галасаваць.
Я ўжо адказваў спадару Міцкевічу і паўтару, спадарыня Дуброўская, вам: тое, што вашая партыя агітуе за кампанію байкоту любых выбараў альбо рэфэрэндумаў, паколькі лічыць такую тактыку адзіна правільнай — не накладвае на нас ніякіх абавязкаў. Мы будзем падаваць розныя погляды на гэтую праблему, у тым ліку і ваш. А нашым суразмоўцам будзем задаваць тыя пытаньні, якія лічым актуальнымі й цікавымі для слухачоў — незалежна ад таго, упісваюцца гэтыя пытаньні ў вашую стратэгію ці не.
На заканчэньне — кароткі ліст ад Віктара Курлукова з Гомеля. Слухач піша:
“Калі маёй дачцы было дзесяць гадоў, ёй пашчасьціла ў ліку іншых дзяцей са шматдзетных сем’яў, што жывуць у чарнобыльскім раёне, гасьцяваць у Італіі. Прымалі яе спагадлівыя і сардэчныя людзі —сям’я Пісьціс з вобласьці Лігурыя. З таго часу ў дачкі на ўсё жыцьцё захаваліся цёплыя ўспаміны пра незабыўныя дні, праведзеныя там.
Дачцы нядаўна споўніўся 21 год. 21 ліпеня яна выйшла замуж. На вясельле запрашалі і сям’ю Пісьціс з Італіі. Тыя прыехаць не змаглі, але выслалі поштай на маё імя 150 даляраў, і папрасілі купіць для маладых падарунак.
Якім жа было маё зьдзіўленьне, калі ўсьлед за паведамленьнем пра паштовы перавод мне прыйшла позва з падатковай інспэкцыі — маўляў, плаці падатак з замежных даходаў. А я зарплаты ўжо які час не атрымліваю, пастаянныя затрымкі. Сям’я шматдзетная. Да таго ж, некалькі год таму загінула жонка. Але пра гэта і слухаць ня хочуць. Такое вось жыцьцё пры лукашызьме”, — зрабіў у сваім лісьце выснову Віктар Курлукоў з Гомелю.
Гэтай сумнай гісторыяй завершым сёньняшні агляд пошты Беларускай Свабоды.
Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Ільля Копыл зь Менску, Міхаіл Леках з Рыгі і Максім Фралоў зь мястэчка Дзісна Мёрскага раёну.
Удзячныя ўсім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.