Скіну стому і разьвею нуду,
нехрышчоны, да царквы забрыду,
разбазару грошай стос на хаду –
у працягнутыя рукі ўкладу.
У царкоўнай крамцы сьвечку куплю,
запальнічкай яе запалю,
напалам з грахом грахі замалю...
Не вяртайся, Божы сын, на Зямлю.
Акунуся, як сякера ў ваду,
у малітваў і крыжоў чараду,
і засьмяглую душу наталю...
Не вяртайся, Божы сын, на Зямлю!
Тут усё, як і прадбачыў прарок:
правіць баль тут чыстаган і курок,
тут наверсе той, хто больш украдзе,
той, хто здолеў падмануць больш людзей.
У пашане той, хто можа забіць,
і нічога з гэтым нельга зрабіць!
Немагчыма душы іх скалануць...
Не вяртайся, Божы сын, – зноў распнуць.