Прывітаньне табе, РА.
У нашым горадзе,
Добрым мейсцы,
Не сказаць, каб чорным, але
Дзе штодзень, па радыё кажуць,
Нехта робіць чорныя справы
І ня робіць чырвоных спраў,
Што наогул ужо займальна,
Дзе штогод бывае зіма
(І па радыё кажуць, робіць
Свае белыя справы), нехта
Выклікае мяне да дошкі.
Мне патрэбна ісьці па кветках,
Што рыпяць пад нагамі, бо
Яны падаюць зь неба, калі
нехта робіць белыя справы.
- Не падкажаце, як прайсьці
Да бліжэйшае дошкі?
- Блэкборда?
- Я ня ведаю, блэк ці ўайт.
Гэта вельмі істотна?
- Наўрад ці.
Скрэташ лефт, потым скрэташ райт,
Потым проста, проста, проста,
Па сонцы тварам на ўсход.
Па чырвоных плямах на сьнезе
Прасачыце мой шлях. Па ружах
Непрытульны сабака Блэк.
Блэк ня ведае мейсца і часу,
Толькі пах і сьлед. Па сьлядах
Ён, напэўна, нарэшце знойдзе
На чырвоным сьнезе
чорную дошку
Зь белым надпісам РА...
Я заўважыла ў нашым горадзе,
добрым мейсцы, між іншым, хоць кажуць,
Што бывае і лепш, паўсюль:
ГастРАном, РЭстаРАн, гаРАж,
КРАма, РАдыё, пРАмтавары,
РАзьліковы РАхунак, РАда
ВетэРАнаў, аэРАпорт,
ДРАматычны тэатр, кантоРА
Па баРАцьбе з таРАканамі
пры дапамозе хлоРА.
Ahora, bamos! Хто скажа,
Што ў нас ня сонечны гоРАд?
Гэта будзе памылка пяра.
Прывітаньне табе, РА.