Не назаву нічыё імя:
Хто – тое бачыць Бог –
Ён апякае мяне штодня
У кожнай з маіх дарог.
Шляхам пакутным іду за ім,
Узбоччу – крыжы, крыжы,
Вугаль і прысак, агонь і дым,
Прывіды, міражы;
Здані каханьня, надзеі міраж,
Вернасьць – падман. Але –
Мроіцца за даляглядам наш
Прыстанак у гэтым тле,
Дзе ў жыцьці – у апошні раз –
Існых, з плоці-крыві –
Фарбы і гукі абдымуць нас, -
Госпадзе, благаславі!
Што ж супынілася ты, душа,
Зьліцца зь вечнай красой?
На ручніку
па канцах крыжа –
Не падуладныя, час і іржа! -
Зоры сатканы
дзіцячай рукою.