Не для гномікаў партыі –
для сябе здабываю свабоду.
Жыву, як заўсёды, упарта я,
зьнішчаю плебейства пароду.
Свабода мая ня кніжная,
ня тая, калі ўсё, што хочацца
можна рабіць і пыжыцца,
і лярвай у ложку варочацца.
Свабода мая вызвольная
ваўчыцай цяжка параненай
выходзіць з лагва падпольнага
і ўецца незаарканенай.
Свабода мая беларуская
крывёю чыстай крывавіцца
і стужкай вузенька-вузкаю
сьцякае па белай правіцы…