Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як чэхі ставяцца да іншаземцаў?


Алена Ціхановіч, Прага

Cizinci або чужынцы – так называюць у Чэхіі нячэхаў. Так, як і прадвызначае слова, чужынцу даводзіцца пачуваць сябе тут выдзеленым, абазначаным, адасобленым. Калі замежнік, які тут жыве, купляе машыну, то ёй выдзяляць ня белыя, як чэхам, але блакітныя, як чужынцам, нумары. Уладальнікі такіх нумароў скардзяцца, што іх машыны паліцыя спыняе і кантралюе з асаблівай пільнасьцю… Амаль заўсёды паліцыя спыніць групу рабочага выгляду украінцаў: сярод іх шукаюць нелегалаў.

На недалёкай ад майго дому будоўлі я таксама чую ўкраінскую мову. Васіль – адзін з тых, хто тут працуе. Я пытаю Васіля, ці вылучае вопытнае вока паліцыянта яго з астатняй гарадзской публікі?

(Васіль: ) “Ну ясна. Мяне некалькі разоў спынялі…Правераць дакумэнты. Калі ў парадку, дык нічога…”

Украінцы складаюць найбольшую замежную дыяспару ў Чэхіі – легальны дазвол на жыхарства маюць 57 тысяч украінцаў і лічыцца, што столькі ж жыве нелегальна. Нелегалы або робяць найтаньнейшую чорную працу, або паразытуюць на сваіх жа земляках, займаюцца крымінальным разбоем.

На другім месцы па велічыні – славацкая дыяспара, за славакамі ідуць віетнамцы, палякі, расейцы. Паводле афіцыйных зьвестак, зараз у Чэхіі жыве крыху больш за тры тысячы беларусаў. Але больш прыкметны тут віетнамскі акцэнт.

Тысячы віетнамцаў аселі тут у савецкія часы – яны ў межах сацыялістычнага рабочага абмену запрашаліся на розныя прадпрыемствы Чэхаславаччыны. Цяпер выключным месцам іх бізнэсу сталі чэскія рынкі. На адным з такіх базарчыкаў працуе Тві, жанчына, чыё імя азначае “чыстая вада”. Тві, у адрозьненьне ад сваіх суродзічаў, спэцыялізуецца не на танных і малаякасных таварах – яна трымае гароднінавы кіёск зь вельмі добрым асартымэнтам.

(Тві: ) “У Чэхіі знайшла працу. Але не сваю. Дома я была доктарка акупунктуры, працавала таксама ў Маскве. У Чэхіі спэцыялістаў акупунктуры мала, я хацела працаваць, паказала свой дыплём, але ад мяне запатрабавалі здаць экзамен чэскай мовы. Я ж так добра яшчэ ня ўмею. Так вось пачала працаваць тут – тры гады працую – шмат працы, мала грошай”.

Шмат працы, мала грошай – так віетнамка Тві падсумавала ўмовы працы замежнікаў, якія, калі быць справядлівымі, абсалютна аднолькавыя ў кожнай краіне. Скажам, чэскі рабочы пойдзе на будоўлю, калі яму заплоцяць ад 150 да 200 крон за гадзіну (гэта 4-5 даляраў). Украінцы згодныя працаваць за 50-60 крон за гадзіну, але высокакваліфікаваныя рабочыя могуць разьлічваць на роўны з чэхамі заробак.

Як, скажам, уладкаваўся тут той жа Васіль?

(Васіль: ) “Я прыехаў з Украіны, зь месца непадалёк ад славацкай мяжы, гэта Закарпацкая вобласьць. У Празе 6 гадоў. Працую мулярам у югаслаўскай фірме”.

(Ціхановіч: ) “А дзе сям’я?”

(Васіль: ) “Жонка дома, на Украіне. Працую два-тры месяцы, а потым еду дамоў на нейкіх два тыдні”.

Побач з Васілём мяшае цэмэнт рыдлёўкай сэрб Прэдрак:

(Прэдрак: ) “Я з Косава, адтуль, дзе была старая Сэрбія. Як распалася Югаславія, я ўжо ня меў куды ісьці, мусіў тут застацца. Пасьля вайны ў Косаве я ўжо ня маю там дома, ня маю куды вяртацца”.

Прэдрак атрымаў у Чэхіі дазвол на пастаяннае жыхарства пасьля таго, як ажаніўся з чэшкай. Міжнацыянальныя шлюбы ў Чэхіі ня рэдкасьць. Чэскія нявесты, аднак, аддаюць перавагу калі не сваім, то заходнім жаніхам. Частка шлюбаў заключаецца выключна з камэрцыйнага разьліку.

Што думае пра сваё месца ў чэскім грамадзтве косаўскі сэрб Прэдрак:

(Прэдрак: ) “Яны маюць перавагу, ясна. Я працую тут дзесяць гадоў. Чалавек па табе адразу пазнае, што ня чэх. Як бы гэта сказаў? Няма сэнсу пярэчыць – гэта іх дзяржава, зь імі сварыцца ня будзеш”.

Чэх, як мае рацыю сэрбскі рабочы, імгненна распазнае чужынца, прычым, без памылак аднясе яго да ўсходняй ці заходняй катэгорыі. Агульнай рысай паводзінаў стала недаплаціць беднаму замежніку, які будзе на чэха працаваць, і прымусіць пераплаціць багатага замежніка, які будзе захапляцца чэскай даўніной. Як сказаў адзін знаёмы, праехаўшы пару кіляметраў ў праскім таксі за непамерныя грошы: кожны чэх – трошку швэйк, трошку шэльма…

Але пытаньне – любяць чэхі замежнікаў ці ня любяць, усё ж ня мае простага адказу. Ёсьць адна важная і простая рэч, якая спрацоўвае паўсюль, якая сьцірае бар’еры – гэта агульная мова. Чэхі любяць, калі зь імі гавораць па-чэску, але гавораць добра. Віетнамка Тві распавяла, што яе сын вучыцца ў чэскай школе і практычна не адчувае сябе ў клясе чужым:

(Тві: ) “Гэта нармальна. Ён добра ўмее па-чэску, а хто добра ўмее па-чэску, той бы свой сябра”.

Між тым, менавіта сёлета, калі сталі больш ясныя пэрспэктывы далучэньня Чэскай Рэспублікі да Эўрапейскага Зьвязу, урад краіны думае і пра зьмену міграцыйнай палітыкі. Чым больш чэхаў перамесьціцца ў пошуках лепшых умоваў у адкрытую Эўропу, тым большы дэфіцыт працоўнай сілы ўзьнікне ў краіне. Чэскі міністар працы Ўладзімер Шпідла адзін зь першых урадоўцаў, які прапаноўвае ў гэтай сувязі адкрыць чэскія межы для міграцыі кваліфікаваных замежных кадраў.

Некаторыя з чвэрці мільёну замежнікаў, якія легальна жывуць у Чэхіі, атрымаюць шанц застацца тут на стала і атрымаць чэскае грамадзянства. Паводле праекту міністра Шпідлы, перавага будзе аддавацца тым, хто нейкі час пражыў у Чэхіі, мае добрую кваліфікацыю, сям’ю. Так, напрыклад, прапанаваная сыстэма ацэнкі кандыдатаў, паводле якой тыя за кожны год навучаньня пасьля школы атрымліваюць адзін бал, дванаццаць балаў за год працы ў Чэхіі, дзесяць балаў за веданьне моваў і яшчэ далейшых дзесяць, калі паходзяць з суседніх краінаў. Мяркуецца, што пасьпяховыя кандыдаты будуць у самым прадукцыйным веку – і таму за кожны год пасьля трыццаці адзін бал будзе здымацца. Чэскі праект у многім паўтарае канадыйскі ці аўстралійскі падыходы – гэта адкрытая стаўка на тых, хто малады, здаровы, кваліфікаваны, хто будзе даўжэйшы час працаваць, хто народзіць дзяцей і амалодзіць папуляцыю, а, з другога боку, сваімі падаткамі падтрымае пенсіянэраў. Некаторыя чэскія публіцысты, між тым, акрэсьліваюць гэты праект як сэлекцыйны. Што думае на гэты конт кіраўнік Арганізацыі дапамогі ўцекачам Келі Тыхтл?

(Тыхтл: ) “Пакуль няясна, як гэты праект будзе выглядаць, як гэта будзе прававым чынам вырашана. Гэта, на мой погляд, толькі папярэдняя думка. Але думка добрая, таму што яна разбурае той стэрэатып, які пануе ў чэскай грамадзкай думцы, ва ўладных інстытуцыях – што міграцыя пераважна небясьпечная, што гэта людзі, якія павялічаць крымінальнасьць, што на іх заўсёды трэба глядзець з падазрэньнем. Гэта новая думка, новая ініцыятыва мяняе погляд на замежніка, трактуе яго як чалавека, які можа прынесьці нешта адметнае, узбагаціць чэскае грамадзства”.

Гэта быў Келі Тыхтл, які прафэсійна займаецца дапамогай уцекачам і становішчам замежнікаў у Чэхіі. На ягоную думку, многае з таго, што гаворыцца пра нецярпімасьць чэхаў да замежнікаў – няпраўда. Праблема ў тым, што чэскае грамадзтва больш падрыхтаванае да таго, каб быць мультынацыянальным, чым гэта дапускае чэская бюракратыя.
XS
SM
MD
LG