Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЕРЭВАНЕ РАЗАГНАЛІ ШЭСЬЦЕ АПАЗЫЦЫІ, ЯКАЯ ПАТРАБАВАЛА АДСТАЎКІ ПРЭЗЫДЭНТА


Валер Каліноўскі, Прага

Масавыя акцыі пратэсту супраць прэзыдэнта Качарана арганізавалі Альянс справядлівасьці і Партыя нацыянальнага адзінства Армэніі, якія абвінавачваюць Качарана і ўрадавую кааліцыю ў фальшаваньні вынікаў мінулых прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў і патрабуюць агульнанацыянальнага плебісцыту аб даверы прэзыдэнту.

На чацьверты дзень пратэстаў у цэнтры Ерэвана сабраліся 10 тысячаў чалавек, якія накіроўваліся да адміністрацыі прэзыдэнта.

Мірнае супрацьстаяньне з паліцыяй працягвалася да ночы. А другой гадзіне ўжо ў аўторак ўлады выкарысталі спэцыяльныя паліцэйскія падразьдзяленьні, каб разагнаць 3 тысячы дэманстрантаў, якія вырашылі ля сьценаў парлямэнту разьбіць свой лягер і працягнуць сваю акцыю імправізаваным музычным фэстам.

“Што вы робіце, мы ж людзі!” – крычалі ў адказ на дубінкі і вадамёты дэманстранты ў Ерэване. Пад ціскам паліцыі большасьць з іх разьбеглася па суседніх вуліцах. Частку ўдзельнікаў акцыі паліцыя затрымала. Пазьней паліцыя зрабіла аблавы ў офісах апазыцыйных партыяў, затрымаўшы шэраг актывістаў.

Армянская паліцыя сёньня прызнала, што пад час разгону былі параненыя некалькі чалавек, а шэраг апазыцыянэраў арыштаваныя.

Дзяржаўнае тэлебачаньне паказвала параненых паліцэйскіх, нічога не кажучы пра параненых дэманстрантаў. МУС Армэніі заявіў, што паліцыю справакавалі самі дэманстранты, якія пачалі антыграмадзкія дзеяньні, кідалі ў паліцэйскія камяні і бутэлькі з бэнзінам ды заклікалі да гвалтоўнага зьвяржэньня ўлады. Апазыцыя абвергла гэтыя абвінавачваньні.

Сёньня ерэванская паліцыя не дапусьціла правядзеньне прэсавай канфэрэнцыі лідэра Альянса справядлівасьці Сьцяпана Дземірчана.

Прадстаўнікі партыяў урадавай кааліцыі зьбіраюцца абмеркаваць сытуацыю з прэзыдэнтам Качаранам. Крызыс паглыбляецца пратэстамі ў парлямэнце, дзе шэраг фракцыяў байкатавалі сэсію.

Лідэр Партыі нацыянальнага адзінства Арташэз Гэгамян заявіў сёньня, што нягледзячы на разгон акцыі ўладам не ўдалося запалохаць апазыцыю. “Гэтыя падзеі толькі пацьвярджаюць, што Качаран не можа заставацца ва ўладзе і павінен сысьці”, – зазначыў Гэгамян.

Тым часам у Ерэване заблякаваны паліцыяй цэнтральны праспэкт і плошча Свабоды, дзе звычайна зьбіраецца апазыцыя.
XS
SM
MD
LG