За 15 гадоў, што мінулі пасьля падпісаньня паразуменьня паміж уладамі і апазыцыяй, Польшча ператварылася ў вольную і дэмакратычную краіну з моцнай незалежнай прэсай, далучылася да НАТО Рады Эўропы і празь некалькі тыдняў далучыцца да Эўразьвязу. Зь іншага боку, кожны пяты працаздольны паляк ня мае цяпер працы, а палітычнае жыцьцё перапоўненае карупцыйнымі скандаламі.
Аднак ніхто з удзельнікаў “круглага стала”, у тым ліку і цяперашні прэзыдэнт Аляксандар Квасьнеўскі, які 15 гадоў таму сядзеў за гэтым сталом на баку камуністычных уладаў, ня сумняецца, што перамовы і перамены мелі сэнс.
(Квасьнеўскі: ) “Калі вы пытаецеся, ці варта было ісьці на перамовы 15 гадоў таму – так, было варта. Ці ўсё у нас атрымалася? Пакуль не”.
Зь ім згодны і генэрал Войцэх Ярузэльскі – у свой час галоўны вораг дэмакратычнай апазыцыі. Паводле ягоных словаў, праблемы, якія цяпер мае Польшча, дробныя ў параўнаньні з тым, чаго ўдалося дасягнуць.
(Ярузэльскі: ) “Я выказваю шкадаваньне, з нагоды ўсіх тых дрэнных рэчаў, што адбываюцца цяпер у Польшчы, але ў маштабах гісторыі гэта толькі дробныя інцыдэнты”.
Герой “круглага стала”, тады будучы, а цяпер ужо былы прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса, лічыць, што кампраміс, якога ўдалося дасягнуць ў 1989 годзе, быў ня самы лепшы, аднак адкрыў Польшчы шлях да свабоды. Паводле легендарнага лідэра “Салідарнасьці”, галоўнае, што палякі цяпер могуць самі вырашаць свой лёс і лёс сваёй краіны. Іншая рэч, як яны з гэтай магчымасьці карыстаюцца.
(Валэнса: ) “Відавочна нашая дэмакратыя ў некаторых выпадках пакуль ня можа абараніць праўду і справядлівасьць. Але мы яшчэ павінны шмат чаму навучыцца і тады да гэтага вярнуцца”.
Падпісваючы пагадненьне з апазыцыяй у красавіку 1989 году, прадстаўнікі камуністычных уладаў ня думалі, што празь некалькі месяцаў іхнае панаваньне скончыцца. “Салідарнасьць” пераможа ў гэтак званых “часткова свабодных” выбарах, і ўжо ў жніўні на чале кабінэту міністраў стане першы некамуністычны прэм’ер Тадэвуш Мазавецкі.