6 красавіка 1994 году, калі самалёт з прэзыдэнтам Руанды і прэзыдэнтам суседняй Бурундзіі ішоў на пасадку, зь зямлі па ім ударылі дзьвюма ракетамі. Неверагодная выпадковасьць: абломкі самалёту ўпалі ў двары прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі. Ніхто не ўратаваўся. Экстрэмісты з племені хуту, якія падтрымлівалі прэзыдэнта, зразумелі выпадак як сыгнал да пачатку сыстэматычнай ліквідацыі этнічных тутсі. Так пачалася крывавая і добра арганізаваная вакханалія, якая доўжылася 100 дзён і вынікам якой сталася масавае забойства людзей – паводле розных ацэнак, ад пяцісот да васьмісот тысяч застрэленых, зарэзаных ці засечаных людзей.
Цягам апошняга дзесяцігодзьдзя навукоўцы і юрысты прыйшлі да адзінай думкі, што адказнасьць за гэтую трагедыю павінны падзяліць усясьветная супольнасьць і афрыканскія краіны. Заходнія краіны праігнаравалі безумоўныя сьведчаньні, што ў краіне адбываецца генацыд, і нічога не зрабілі, каб спыніць кроў. Некалькі дзён таму генэральны сакратар ААН Кофі Анан заявіў, што ўсясьветная супольнасьць хуткімі і рашучымі дзеяньнямі магла б запабегчы масавыя забойствы. Паводле прызнаньня Анана, які тады быў кіраўніком дэпартамэнту міратворчых місіяў ААН, экстрэмісты ўжо зьнішчалі людзей сотнямі, а Рада бясьпекі не магла накіраваць туды міратворчыя сілы. Тыя ж, што там былі, не маглі абараніць насельніцтва.
Сёньня ў газэце “Washington Post” былы прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан паўтарае сказанае ім самім у 1998 годзе ў часе паездкі ў Руанду: “Мы дзейнічалі недастаткова хутка пасьля пачатку забойстваў. Мы не павінны былі пераўтвараць лягеры ўцекачоў у прытулкі для забойцаў. Мы не адразу назвалі гэтыя злачынствы сваім імем: генацыд”.
Яшчэ адным вынікам таго генацыду – поўнае разбурэньне руандыйскага грамадзтва. Дзесяць мінулых гадоў прайшлі ў намаганьнях яго аднаўленьня, і пэўная стабільнасьць у гэтай цэнтральнаафрыканскай краіне дасягнутая. Аднак, як піша Біл Клінтан, несумненна, Руанда яшчэ ня выздаравела. Урад крытыкуецца праваабарончымі арганізацыямі за ціск на апанэнтаў. У грамадзтве застаюцца рэцыдывы нянавісьці. Яшчэ адна страшная праблема паўстала перад Руандай – СНІД, які пагражае жыцьцю амаль усіх руандыйцаў і можа стаць другой нацыянальнай трагедыяй.
Гэтымі днямі ў сталіцы Руанды Кігалі адбываецца міжнародная канфэрэнцыя, якая абмяркоўвае прычыны генацыду і шляхі недапушчэньня падобных трагедый у сьвеце. Заўтрашні дзень ААН назвала днём памяці генацыду ў Руандзе. Кофі Анан заявіў, што падтрымлівае заклік руандыйскага ўраду да ўсіх краінаў сьвету абвесьціць у гэты дзень хвіліну маўчаньня ў памяць аб ахвярах генацыду.