Лінкі ўнівэрсальнага доступу

87% ПАЛЯКАЎ ЛІЧАЦЬ, ШТО Ў ПОЛЬШЧЫ ТАКСАМА ЁСЬЦЬ ПАГРОЗА ТЭРАКТАЎ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Пасьля замахаў 11 сакавіка ў Мадрыдзе, у Польшчы значна павялічылася колькасьць людзей, якія лічаць, што тэрарыстычныя замахі могуць пагражаць непасрэдна іхнаму жыцьцю. Напрыканцы сакавіка так меркавалі аж 87% палякаў.

“Гішпанцы знаходзяцца ў Іраку пад польскім камандаваньнем, і калі іхная сталіца была атакаваная тэрарыстамі, дык Варшава таксама знаходзіцца ў небясьпецы”, – кажуць палякі.

Між тым, яшчэ напрыканцы мінулага году польскія спэцслужбы атрымалі інфармацыю пра магчымасьць замахаў у касьцёлах і сынагогах на каталіцкія Каляды, аднак, як падаецца, толькі пасьля мадрыдзкай трагедыі да такіх сыгналаў у Польчшы паставіліся з усёй сур’ёзнасьцю. Балазе, што цяпер спэцслужбы таксама маюць зьвесткі пра магчымыя замахі ў горадзе Чэнстахова. А туды – у адзін з духоўных цэнтраў Польшчы – на Вялікдзень прыяжджаюць сотні тысячаў пілігрымаў з усёй краіны і з-за мяжы.

Таму польская паліцыя і спэцслужбы ўжо пастаўленыя ў стан найвышэйшай гатоўнасьці. Гаворыць прадстаўнік паліцыі з гораду Чэнстахова Лешэк Круль.

(Круль: ) “На час вялікодных сьвятаў сёлета працаваць будуць значна больш паліцыянтаў, чым звычайна. У гэтыя дні ўсе мусяць лічыцца з магчымасьцю праверкі дакумэнтаў, аўтамабіляў ці вялікіх торбаў. Большасьць паліцыянтаў, аднак, будуць працаваць у цывільным, каб не ствараць перашкодаў для рэлігійных урачыстасьцяў. Будзе папросту больш бясьпечна”.

У полськай службе аховы межаў Радыё Свабода паведамілі, што ніякія захады, што маглі б спрычыніцца да павялічэньня чэргаў на мяжы зь Беларусьсю, пакуль не заплянаваныя. Ня выключана, аднак, што падазроныя асобы, а таксама багаж турыстаў, будуць правярацца больш пільна.
XS
SM
MD
LG