(Гук стрэлаў.) Гэта выстралы ў Ташкенце, дзе ўчора ўзбэцкі спэцназ блякаваў узброеных баевікоў ў шматкватэрным доме. 23 падазроных ў дачыненьні да тэрарыстычных груповак былі забітыя пад час спэцапэрацыі ўзбэцкай паліцыі. Зь нядзелі ж загінула ўжо болей за 40 чалавек.
Афіцыйны Ташкент абвінавачвае ў арганізацыі беспарадкаў ісламісцкую групоўку Hizb ut-Tahrir, якая дамагаецца стварэньня халіфату ў краінах Цэнтральнай Азіі. Міністар замежных справаў Узбэкістану Садык Сафаеў заявіў, што мэта радыкалаў – разбурыць міжнародную антытэрарыстычную кааліцыю, у якую ўваходзіць Узбэкістан.
(Сафаеў: ) “Сёньня мы можам казаць пра тое, што гэта былі спробы разбурыць міжнародную антытэрарыстычную кааліцыю. Мэты выбіраюцца не выпадкова. Мы бачым наўпростую сувязь паміж ідэалёгіяй Hizb ut-Tahrir, іншымі экстрэмісцкімі ідэалёгіямі і тэрарызмам”.
Пракуратура Ўзбэкістану паведаміла сёньня пра арышт 30 асобаў у сувязі з беспарадкамі.
Але хто ж стаіць па-за ўсім гэтым? Вось што мяркуе Свантэ Карнэл, экспэрт па Цэнтральнай Азіі швэдзкага ўнівэрсітэта Ўпсала:
(Карнэл: ) "Пануючая вэрсія, што гэта зроблена ўзброенай апазыцыяй ўраду, прадстаўнікі якой зьяўляецца ісламскімі экстрэмістамі. Магчыма, гэта фармаваньні з Ісламскага руху Ўзбэкістану, які ўжо вядомы сваімі ўзброенымі паўстаньнямі. Гэта можа быць зьвязана і зь міжнародным тэрарызмам разам з Аль-Кайдай. Што таксама не выключае Ісламскі рух Узбэкістану. І трэцяя вэрсія, што гэта дзейнічала групоўка, якая адкалолася ад Hizb ut-Tahrir, якая называе сябе мірнай арганізацыяй, аднак якая не зьяўляецца настолькі згрупаванай і адзінай ва Ўзбэкістане, як у іншых частках сьвету”.
Hizb ut-Tahrir не была зьвязаная з ўзброенымі дзеяньнямі, яна не прапагандуе гвалт і адмаўляе яго як сродак ў дасягненьні сваіх мэтай стварэньня ісламскіх дзяржаваў.
Hizb ut-Tahir базуецца ў Заходняй Эўропе. Ва Ўзбэкістане яна ніколі не была забароненая. Гэта незарэгістраваная групоўка якая дзейнічае нелегальна ва ўмовах кансьпірацыі.
Абвінавачваньне ўладамі гэтай групоўкі некаторыя тлумачаць мэтай прэзыдэнта Карымава абмежаваць рэлігійныя свабоды ў краіне. Аб гэтым у прыватнасьці заявіла ўчора парваабарончая арганізацыя Human Rights Watch, якая паведаміла, што ўрад Узбэкістану арыштаваў і катуе тысячы мусульманаў, якія ня хочуць быць падкантрольнымі ўладам, у тым ліку і сябраў Hizb ut-Tahrir.
Тамара Макаранка, дасьледчык Шатляндзкага цэнтру вывучэньня тэрарызму мяркуе:
(Макаранка: ) “Узбэцкі ўрад сапраўды спрабуе дэманізаваць Hizb ut-Tahrir. Такім чынам, калі яны дакажуць сувязь групы з тэрактамі, яны змогуць апраўдаць усе свае ранейшыя дзеяньні, учыненыя супраць сябраў Hizb ut-Tahrir”.
Яна мяркуе, што заявы афіцыйнага Ташкенту пра сувязі Hizb ut-Tahrir і Ісламскага руху Ўзбэкістана, неапраўданыя. Апошні паставіў задачу зьвяржэньня ўраду Карымава і лічыцца тэрарыстычнай арганізацыяй.
Сябры гэтай групы ваявалі з амэрыканскімі сіламі ў Аўганістане, большасьць іх там загінула, але рэшткі маглі б быць за апошнімі тэрактамі ва Ўзбэкістане, лічыць экспэрт Карнэгі-цэнтру ў Маскве Аляксей Малашэнка.
Іншыя экспэрты зазначаюць, што апошнія тэракты не былі скіраваныя на армію, а выключна на паліцыю, адміністрацыю прэзыдэнта ды ўрадавыя інстытуты, і што самагубчыя тэракты выконвалі жанчыны. Таму не выключана, што гэта ўдовы і сямейнікі такім чынам помсьцілі за рэпрэсіі ўладаў на адрас іх родзічаў.