Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ МАГЧЫМЫ НОВЫ “ПЛЯН МАРШАЛА” ДЛЯ ІРАКА?


Валер Каліноўскі, Прага

Нямеччына, разгромленая і акупаваная ў 1945 годзе ЗША, Вялікай Брытаніяй і Францыяй, праз два дзесяцігодзьдзя сталася прыкладам індустрыяльнай і дэмакратычнай краіны.

Злучаныя Штаты спадзяюцца на такое самае разьвіцьцё падзеяў і ў Іраку ды гатовыя дапамагчы стварэньню першага ў блізкаўсходнім мусульманскім сьвеце прыкладу лібэральнай дэмакратыі з дамінаваньнем сярэдняй клясы і ўзорнай індустрыяй. Нават Нямеччына і Францыя, якія былі рашуча супраць амэрыканскай інвазіі ў Ірак, абяцаюць дапамагчы ў адбудове гэтай краіны.

Напрыклад, у лютым гэтага года канцлер ФРН Герхард Шрэдэр заявіў:

(Шрэдэр: ) “Я ня думаю, што вас зьдзівіць тое, што мы цяпер пагаджаемся, нягледзячы на тое, што хтосьці быў за ці супраць вайны ў Іраку, што гэта сапраўды гістарычная падзея. Мы мелі зразумелыя довады супраць гэтай вайны, але цяпер мы зацікаўленыя ў аднаўленьні мірнага і дэмакратычнага Іраку, разам з нашымі сябрамі ў Амэрыцы, Вялікай Брытаніі ды ў іншых краінах, якія ўцягнутыя ў гэты працэс”.

Спадар Шрэдэр ведае, што такое пасьляваеннае аднаўленьне. Ён нарадзіўся ў Нямеччыне за год да краху нацысцкай улады і бачыў, як ягоная краіна адбудоўвалася з руінаў і галечы.

Але калі нават Нямеччына і Францыя далучацца ЗША і Вялікай Брытаніі ў справе рэканструкцыі Іраку, то ці будуць гэтыя намаганьні пасьпяховымі?

Гэта верагодна, хаця адбудова разбуранай краіны пераможцамі зьяўляецца досыць новай ідэяй, лічыць Кенэт Алард, выкладчык вайсковай гісторыі Джорджтаўнскага ўнівэрсытэту ў Вашынгтоне. Алард кажа, што да пачатку 20 стагодзьдзя ЗША рэдка пасылалі свае войскі за межы краіны, але паваенная адбудова Нямеччыны была надзвычай важнай ня толькі для яе, але і для ўсяго Захаду, які супрацьстаяў агрэсіўным памкненьням СССР.

(Алард: ) “Мы ніколі не рабілі чагосьці падобнага, не праходзілі такога раней і мы зьдзейсьнілі гэта самастойна. Плян Маршала быў адказам на рост савецкай пагрозы. Мы ўжо не маглі вярнуцца да традыцыйнага амэрыканскага ізаляцыянізму і пакінуць Эўропу насам. Мы гэта зрабілі, бо былі напалоханымі да сьмерці. І калі вы памятаеце, тое, што адбылося пасьля гэтага, – расейцы зрабілі атамную бомбу”.

Гэта быў выкладчык Джорджтаўнскага ўнівэрсытэту Кенэт Алард.

Аднак сытуацыя ў Іраку і вакол яго цяпер зусім іншая, чым у паваеннай Нямеччыне, – мяркуе прафэсар унівэрсытэту імя Джорджа Вашынгтона Натан Браўн:

(Браўн: ) “У Іраку ўсё іначай. Ніхто ў Іраку ня хоча мець ЗША ў якасьці сталага саюзьніка, ніхто ў Іраку не адчувае патрэбы апраўдваць дзеяньні ЗША злачынствамі часоў кіраваньня Хусэйна і партыі БААС. Такім чынам ніхто ў Іраку ня хоча супрацоўнічаць з краінай, якая толькі што іх перамагла.”

Натан Браўн кажа, што ў адрозьненьні ад немцаў, іракцы выявілі сябе палітычна вельмі актыўнымі пасьля параджэньня Хусэйна. Але палітычная актыўнасьць пасьля падзеньня дыктатуры не абавязкова вядзе да дэмакратычнага ўладкаваньня, зазначае аналітык.

Да таго ж, у адрозьненьне ад 1940-х гадоў, калі ў саміх ЗША разумелі ўсеагульны характар Другой сусьветнай, што аблягчала і пасьляваенныя аднаўленчыя працы, то цяпер падтрымка ірацкай вайны ў амэрыканскім грамадзтве была хоць і даволі шырокай, але неглыбокай. Амэрыканскае грамадзтва хоча мець як найменей стратаў ад гэтай кампаніі, як людзкіх, гэтак і фінансавых, кажа прафэсар Натан Браўн.

Тым ня менш ён упэўнены, што Ірак мае шанец стаць самадастатковай і нават дэмакратычнай краінай, але для гэтага перш за ўсё розныя этнічныя і рэлігійныя групы ў краіне павінны прызнаваць адна другую раўнапраўнымі партнэрамі.

Дагэтуль жа кожная група спадзяецца, што акупацыйныя ўлады будуць вырашаць іхныя спрэчкі. Але ўжо 30 чэрвеня ЗША павінны перадаць уладу ў краіне іракцам. З гэтага часу ім самім давядзецца вырашаць свае спрэчкі, і як доўга яны будуць вырашацца, пакуль ніхто ня можа прадказаць.
XS
SM
MD
LG