Лінкі ўнівэрсальнага доступу

AMNESTY INTERNATIONAL ВЫСУТПАЕ Ў АБАРОНУ ЖАНЧЫН


Кастусь Бандарук, Прага

Распачынаючы сваю кампанію, Amnesty International апублікавала вельмі падрабязную справаздачу на 122 старонках пра сытуацыю ў галіне правоў жанчын па ўсім сьвеце. У дакумэнце ў прыватнасьці гаворыцца:

– Кожная трэцяя жанчына ў сьвеце цягам свайго жыцьця становіцца аб’ектам гвалту.
– 135 мільёнаў дзеўчын і жанчын па ўсім сьвеце ў прымусовым парадку падвяргаюцца працэдурам зьнявечаньня полавых органаў. Гэтая практыка забароненая толькі ў 14 афрыканскіх краінах.
– Кожная пятая жанчына ў сьвеце была згвалтаваная або перажыла спробу згвалтаваньня.
– 70% забітых жанчын – ахвяры сваіх уласных партнэраў.
– Штогод 2 мільёны дзеўчын прымушаецца да прастытуцыі, а 700 тысяч жанчын становіцца ахвярамі гандлю.
– У Эўропе ў выніку гвалту ў сям’і гіне больш жанчын, чым у выніку раку або дарожных аварыяў.
– У 79 краінах сьвету гвалт супраць жанчын ў сям’і не разглядаецца, як злачынства. Значная частка пакрыўджаных жанчынаў гадамі пакутуе, але саромееца, або баіцца шукаць дзе небудзь дапамогі і абароны.

Паводле дырэктара маскоўскага Крызіснага цэнтру Марыі Маховай, многія людзі лічаць, што калі жанчына церпіць фізычны гвалт ад мужа, яна мабыць кахае яго. Гэта няпраўда – кажа Марыя Махова. Жанчына проста адчувае сябе поўнасьцю безабароннай. Яна ня верыць, што дзяржава, або хто-кольвек іншы можа заступіцца за яе.

Прычыны такой сытуацыі генэральны сакратар Amnesty International Ірэн Ган патлумачыла наступным чынам.

(Ган: ) “Гвалт супраць жанчын грунтуецца на беспакаранасьці і няроўнасьці, уладзе адных над іншымі і прадузятасьці, на адсутнасьці волі вырашыць гэтую праблему. Вось таму мы кажам у нашай кампаніі, што гвалт супраць жанчын можа быць усюдыісны, але ён не зьяўляецца непазьбежным. Мы кажам, што ўрады павінны ўхваліць і ўвесьці ў сілу законы ў абарону жанчын. Мы хочам, каб паасобныя, звычайныя людзі па ўсім сьвеце маглі сказаць: мы гэтага ня робім, для нас гэта непрыймальна, мы не дазволім іншым рабіць гэта, і мы не спынімся, пакуль гвалт супраць жанчынаў ня будзе спынены”.

У справаздачы Amnesty International шэраг прыкладаў неверагодных зьверстваў ў дачыненьні да жанчынаў, згвалтаваньня, забойстваў, калечаньня, зьдзеку, зьбіваньня і нечалавечнай эксплюатацыі.

Найбольш драматычная сытуацыя склалася сярод жанчын у раёнах лякальных канфліктаў і грамадзянскіх войнаў. У дакумэнце згадваецца такія краіны, як Конга, Руанда і Босьнія-Герцагавіна. Каля паўмільёны жанчын у Руандзе і больш за 20 тысячаў ў Босьніі-Герцагавіне былі згвалтаваныя салдатамі.

У дакумэнце адзначаецца, што ў некаторых краінах жынчынам проста адмаўляецца права на жыцьцё толькі таму, што яны жанчыны. Паводле Ірэн Ган, самае страшнае тое, што жанчыны становяцца ахвярамі зьдзеку, прыніжэньня і фізычнага гвалту ў самых розных краінах: ад бедных мусульманскіх краінаў, як Судан і Пакістан, да заможных краін заходняй цывілізацыі: Злучаных Штатаў і Вялікай Брытаніі.

(Ган: ) “Сапраўды абуральнае ў пытаньні гвалту супраць жанчын тое, што гэта здараецца паўсюль, незалежна ад грамадзкага статусу жанчыны, культуры, рэлігіі або паходжаньня”.

Amnesty International назвала гвалт супраць жанчын “ракам, які выядае сарцавіну любога грамадзтва”. Арганізацыя мае намер прыцягнуць да ўдзелу ў кампаніі ўсе жаночыя і праваабарончыя арганізацыі. Яна найперш будзе патрабаваць ад урадаў ўсіх краін адмяніць законы, якія дыскрымінуюць жанчыны, расьсьледаваць усе выпадкі гвалту супраць жанчын ў ваенны і мірны час. “Гвалт супраць жанчын ненармальны, нелегальны і непрыймальны. Зь ім нельга прымірыцца і нельга яго апраўдаць. Ён мусіць быць спынены” – заявіла генэральная сакратарка Amnesty International Ірэн Ган.
XS
SM
MD
LG