Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЎРАПЕЙСКІ ЗЬВЯЗ УВОДЗІЦЬ САНКЦЫІ СУПРАЦЬ ЗША


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Гандлёвая вайна паміж Эўрапейскім Зьвязам і Злучанымі Штатамі ўвайшла ў новы этап. Ужо ў 2000 годзе ў спрэчку паміж Аб’яднанай Эўропай і ЗША ўмяшалася Ўсясьветная гандлёвая арганізацыя, якая прызнала, што амэрыканскія гандлёвыя льготы для экспарцёраў незаконныя і загадала іх скасаваць. Сума льготаў штогод дасягала 4 мільярдаў. Вашынгтон гэтае патрабаваньне праігнараваў. І вось учора ўпершыню Эўразьвяз увёў карныя тарыфы на доўгі сьпіс амэрыканскага імпарту. Ужо да канца наступнага году мытныя зборы могуць дасягнуць 1 мільярду даляраў.

Санкцыі Эўразьвязу прадугледжваюць павялічэньне ў сакавіку на 5 працэнтаў мытаў на амэрыканскія тавары, і кожны месяц яны будуць расьці яшчэ на адзін працэнт. Прадстаўнік Эўразьвязу ў справах гандлю Паскаль Ламі заявіў, што гэта ня ёсьць абвяшчэньнем вайны, Эўразьвяз адно толькі хоча, каб ЗША выканалі рашэньне Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі.

Верагодна, стратэгія Эўразьвязу спрацавала. Ужо празь некалькі гадзінаў пасьля ўвядзеньня санкцыяў, прэзыдэнт ЗША Джордж Буш заклікаў Кангрэс ЗША як мага хутчэй скасаваць экспартныя падатковыя льготы.

Паводле агенцтва Франс Прэс, Вашынгтон зьвярнуўся ў Эўракамісію, каб яна ўстрымалася ад увядзеньнем санкцыяў, пакуль Кангрэс ня зьменіць заканадаўства. Чыноўнікі Эўразьвязу разумеюць, што сытуацыя ўскладняецца надыходзячымі ў ЗША прэзыдэнцкімі выбарамі, і што тэрміновая адмена падатковых ільготаў можа адчувальна ўдарыць па працоўных месцах. Але прадстаўнікі Эўразьвязу падкрэсьліваюць, што ЗША мелі тры з паловай гады, каб падпарадкавацца патрабаваньню Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі. І таму, як падкрэсьліў Паскаль Ламі, чым хутчэй ЗША зробяць папраўкі ў сваё заканадаўства, тым хутчэй і Эўразьвяз скасуе свае санкцыі. Але, на думку назіральнікаў, з-за істотнага зьніжэньня вартасьці даляру ўзьдзеяньне санкцыяў будзе, прынамсі, на пачатку, ня вельмі адчувальным.
XS
SM
MD
LG