Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАМЕСЬНІК ГЕНЭРАЛЬНАГА САКРАТАРА ААН — ПРА НОВЫЯ ПРЫЯРЫТЭТЫ Ў СПРАВЕ ЛІКВІДАЦЫІ АВАРЫІ НА ЧАРНОБЫЛЬСКАЙ АЭС


Ганна Соусь, Менск

Намесьнік генэральнага сакратара ААН у гуманітарных пытаньнях Ян Ігелянд заявіў, што трэба быць рэалістамі й разумець, што прайшло ўжо 18 гадоў пасьля катастрофы на Чарнобыльскай атамнай станцыі, і цяпер у сьвеце існуюць іншыя праблемы, якія заслугоўваюць увагі грамадзкасьці — праблемы ў Іраку, Афганістане, землятрус у Іране ды іншыя.

(Ігелянд: ) “Неабходна прызнаць, што праз 18 гадоў пасьля аварыі можна канстатаваць, што спынілася першапачатковая стадыя пераадольваньня непасрэдных наступстваў катастрофы, і мы цяпер уваходзім у новую фазу нашай працы, якая будзе канцэнтравацца на сацыяльным разьвіцьці рэгіёнаў трох пацярпелых дзяржаваў. Цяпер асноўную ўвагу мы будзем надаваць ініцыяваньню разнастайных праграмаў у справе аказаньня міжнароднай падтрымкі. Адна з такіх праграмаў называецца “CORE” — “Супрацоўніцтва для рэабілітацыі”. У гэтую праграму ўваходзяць прадстаўнікі розных эўрапейскіх дзяржаваў, міжнародных і грамадзкіх арганізацыяў”.

Паводле Яна Ігелянда, міжнародная супольнасьць не павінна забывацца пра чарнобыльскія праблемы. Сёлета пачнецца рэалізацыя інфармацыйнай праграмы ААН “Факты жыцьця”, скіраванай на інфармаваньне насельніцтва аб правілах бясьпечнага пражываньня ва ўмовах радыеактыўнага забруджваньня. Намесьнік генэральнага сакратара ААН мяркуе, што трэба рэалізоўваць адпаведныя праекты, каб людзі вярталіся на адселеныя пасьля аварыі тэрыторыі.

(Ігелянд: ) “Я лічу, што ў шчыльным супрацоўніцтве зь мясцовымі органамі, з нацыянальнымі ўладамі, грамадзкімі арганізацыямі неабходна даць людзям надзею на будучыню гэтых рэгіёнаў, на тое, што там можна працаваць і жыць. І ўжо ёсьць цудоўныя пазытыўныя прыклады, калі ў выніку слушнага падыходу людзям далі надзею, і ў некаторыя рэгіёны, зь якіх раней выяжджала насельніцтва, сталі вяртацца маладыя людзі, і ў некаторых зь іх ужо адзначаецца станоўчы рост насельніцтва”, — заявіў намесьнік генэральнага сакратара ААН у гуманітарных пытаньнях Ян Ігелянд.

У часе свайго візыту ў Беларусь спадар Ігелянд наведаў забруджаныя раёны Гомельшчыны, наведаў Гомельскі цэнтар радыяцыйнай мэдыцыны і экалёгіі, сустрэўся зь міністрамі замежных справаў і надзвычайных сытуацыяў, а таксама са старшынём Камчарнобылю. Плянавалася, што ў часе візыту будзе падпісанае пагадненьне паміж урадам Беларусі й Арганізацыяй Аб’яднаных Нацыяў у справе паскарэньня ўвозу, вывазу і транзыту грузаў надзвычайнай дапамогі, аднак падпісаньне гэтага пагадненьня было перанесенае.

XS
SM
MD
LG