Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЯБРЫ РАБОЧАЕ ГРУПЫ ПА АБСЭ СУСТРЭЛІСЯ З АМБАСАДАРАМІ ЗША Й КРАІН ЭЎРАЗЬВЯЗУ. РАСЕЙСКІ АМБАСАДАР АД СУСТРЭЧЫ АДМОВІЎСЯ


Юры Сьвірко, Менск

Хэлена Дэмакава, дэпутатка парлямэнту Латвіі, якая атрымала беларускую візу толькі ўдзень у суботу й сёньня раніцай прыехала ў Беларусь на службовым аўтамабілі, распавяла, што амбасадар Расеі ў Менску адмовіўся сустрэцца зь ёю ды Утай Цапф, накіраваўшы на сустрэчу дыплямата ніжэйшага рангу.

Размова з расейцамі была апошняй у сёньняшнім графіку дэлегацыі рабочае групы, а раней адбыліся сустрэчы з амбасадарамі краін-сяброў Эўрапейскага Зьвязу (старшыню Эўразьвязу ў Менску рэпрэзэнтуе брытанец Аян Кэлі) ды з амэрыканскім амбасадарам Майклам Козакам.

Як і Ута Цапф, Хэлена Дэмакава была абураная такім стаўленьнем да іх з боку расейцаў:

(Дэмакава: ) “Чаму амэрыканскі амбасадар і ўсе іншыя амбасадары, як Аян Кэлі, маюць час, а расейскі амбасадар у горадзе, але ён ня хоча з намі сустракацца? Гэта дрэнна. Гэта нейкія знакі выяўляюцца, як усё з гэтымі візамі ды ўсё такое”.

Распавядаючы пра зьмест размовы з заходнімі амбасадарамі ў Беларусі, яна вырашыла падкрэсьліць галоўны момант гутаркі — на сваёй роднай латыскай мове:

(Дэмакава: ) “Нельга аддзяліць Эўрапейскі Зьвяз, Раду Эўропы ад АБСЭ, бо ўсе іхныя каштоўнасьці аднолькавыя. Беларускі бок часам не разумее, што ня можа быць асобных стасункаў з Эўразьвязам і з АБСЭ”.

Хэлена Дэмакава зрабіла й наступную заяву пра лёс Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Менску:

(Дэмакава: ) “Пытаньне пра КНГ ня ёсьць асобным ад беларускіх дачыненьняў з АБСЭ”.

На думку спадарыні Дэмакавай, без разьвязаньня праблемы з новым кіраўніком групы АБСЭ ў Менску гэтак званы нацыянальны сход Беларусі можа нават і не разьлічваць на месца ў Парлямэнцкай Асамблеі гэтай арганізацыі.

Хэлена Дэмакава яшчэ раз вярнулася да размовы з эўрапейскімі амбасадарамі й расейскай тэмы:

(Дэмакава: ) “Тое, што мы са спадарыняй Цапф ім казалі, — трэба абавязкова больш размаўляць з Расеяй. Ня мусіць толькі Амэрыка размаўляць, Буш з Пуціным. Эўропа альбо на двухбаковай падставе, альбо Эўропа ўся разам мусіць размаўляць з Расеяй. Гэта абсалютна натуральна”.

Напярэдадні візыту сяброў адмысловае рабочае групы ПА АБСЭ беларускае МЗС заявіла, што гэтая група мусіць наўпрост працаваць разам зь беларускім парлямэнтам і “абмяркоўваць пытаньні сяброўства парлямэнту ў асамблеі”.

(Дэмакава: ) “Гэта ня праўда, гэта не галоўная мэта паездкі”, — гэтак адрэагавала на заяву прэсавага сакратара МЗС Беларусі Хэлена Дэмакава, сяброўка адмысловае рабочае групы па Беларусі ПА АБСЭ.
XS
SM
MD
LG