Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАПА РЫМСКІ АСУДЗІЎ СЭКСУАЛЬНЫЯ ЗЛАЧЫНСТВЫ СЬВЯТАРОЎ


Віталь Тарас, Прага

Сустрэча Папы Рымскага з амэрыканскімі кардыналамі адбывалася за зачыненымі дзьвярыма ў Залі Балоньі Апостальскага палацу ў Ватыкане. Быў апублікаваны толькі тэкст заяваў, зробленых Папам Рымскім. Аднак, кардынал Фрэнсыс Джордж з Чыкага і прэзыдэнт канфэрэнцыі біскупаў ЗША біскуп Уілтан Грэгары ахвотна падзяліліся інфармацыяй з журналістамі падчас перапынку на ланч – піша “Washington Post”.

Кардынал Фрэнсыс Джордж паведаміў:

(Джордж: ) “Папа выказаў глыбокае шкадаваньне з нагоды таго факту, што некаторыя сьвятары і служкі рэлігіі, чыё прызваньне дапамагаць людзям жыць бязгрэшна, самі сталі прычынай вялікага скандалу і пакутаў, асабліва маладых людзей”.

Біскуп Грэгары дадаў да гэтага:

(Грэгары: ) “Сьвяты айцец сказаў на заканчэньне сваёй заявы, што людзі мусяць ведаць – тым, хто здольны нанесьці шкоду маладым людзям, ня месца ў царкве і рэлігійным жыцьці. Я лічу, што гэтая вельмі ясная заява абавязвае нас быць вельмі пільнымі і сапраўды зрабіць так, каб упэўніцца, што дзецям нічога не пагражае – у прыватнасьці, з боку тых, хто прысьвяціў сябе царкве”.

Як адзначае брытанская “Finacial Times”, гэтыя выказваньні Папы Рымскага былі самымі жорсткімі словамі асуджэньня з моманту скандалу, што пачаўся летась пасьля таго, як супраць некалькіх каталіцкіх сьвятароў у ЗША былі высунутыя абвінавачаньні ў сэксуальных злачынствах. (Найперш скандал закрануў штат Пэнсыльванія.) На больш як 60 сьвятароў распачалося сьледзтва.

Папа Рымскі асудзіў таксама тых каталіцкіх біскупаў, у чыіх дыяцэзіях здарыліся выпадкі сэксуальнага перасьледу дзяцей з боку некаторых сьвятароў. Замест пазбаўленьня сану яны проста пераводзіліся з адной парафіі ў іншую.

Разам з тым Папа Ян Павал ІІ выказаўся супраць прымусовай адстаўкі Арцыбіскупа Бостанскага Бэрнарда Лоў, які апынуўся ў самым цэнтры сэксуальнага скандалу.

Аднак, згодна выказваньням амэрыканскіх кардыналаў, Папа Рымскі даў зялёнае сьвятло на перагляд існага парадку адстаўкі высокапастаўленых сьвятароў падчас маючай адбыцца ў чэрвені канфэрэнцыі амэрыканскага касьцёлу. (Цяперашнія царкоўныя каноны робяць працэс пазбаўленьня сану вельмі складаным.)

Амэрыканцы вітаюць выказаную Папам Рымскім салідарнасьць з ахвярамі пэдафіліі. Аднак некаторыя выказваюць апасеньні, што адкрытае абмеркаваньне гэтай тэмы яшчэ больш паглыбіць раскол паміж рознымі плынямі ў касьцёле. Частка католікаў рашуча выказваецца за права сьвятароў на шлюб. Іншая ж частка выступае за тое, каб выдаліць усіх геяў з царквы. Так мяркуе дырэктар Унівэрсытэту каталіцкіх дасьледаваньняў з Пэнсыльваніі Ўільям Пэтэрсэн, чыё выказваньне прыводзіць “Financial Times”.

Сёньняшняя “New York Times” прыводзіць меркаваньне Дэйвіда Клогесі, нацыянальнага дырэктара Асацыяцыі ахвяраў злачынстваў з боку сьвятароў. Ён лічыць, што калі сьвятары сапраўды хочуць ачысьціць сваю царкву, яны павінны абвесьціць мараторы на новыя прызначэньні тых, хто зьдзяйсьняў сэксуальныя злачынствы супраць дзяцей.
XS
SM
MD
LG