Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЧОРА Ў БЕЛАСТОКУ ПРАЙШОЎ V ЗЬЕЗД БЕЛАРУСКАГА САЮЗУ ПОЛЬШЧЫ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

У склад створанага ў 1993 годзе Беларускага Саюзу Польшчы ўваходзяць: зь Беласточчыны – Беларускае Дэмакратычнае аб’яднаньне (адзіная палітычная партыя сярод нацыянальных меншасьцяў Польшчы), Беларускае Гістарычнае Таварыства, Беларускае Аб’яднаньне Студэнтаў (БАС), праграмная рада тыднёвіка “Ніва”, Асацыяцыя беларускіх журналістаў у Польшчы, літаратурнае аб’яднаньне “Белавежа” і Беларускае таварыства “Хатка” з Гданьску.

Кожная з гэтых арганізацыяў ёсьць незалежнай адзінкай і працуе самастойна. А ў часе форуму Беларускага Саюзу прадстаўнікі гэтых агрганізацыяў абмяркоўваюць найважнейшыя справы беларускага асяродку, у якіх варта выступіць усім разам.

Гаворыць старшыня Беларускага Саюзу ў Польшчы спадар Яўген Вапа, які ў часе зьезду быў пераабраны на чарговы тэрмін:

(Вапа: ) “Вядома, справы культуры і асьветы для нас вельмі важныя, і шмат увагі мы надаем прамоцыі беларускай культуры й літаратуры ў Польшчы. Мы хочам, каб цікавыя літаратурныя і культурныя праекты маглі пабачыць ня толькі беларусы Польшчы, але й палякі. Каб яны ўпэўніліся, што беларускай кльтурай варта цікавіцца. Таму мы шмат увагі надаем прамоцыі беларускай справы ў Польшчы”.

(Карэспандэнт: ) “Чым адрозьніваюцца арганізацыі, якія ўваходзяць у Беларускі Саюз, ад іншых арганізацыяў беларускай нацыянальнай меншасьці на Беласточчыне?”

(Вапа: ) “Арганізацыі, якія ўваходзяць у Беларускі Саюз, вельмі моцна заангажаваныя ў працэс дэмакратычных пераменаў у Польшчы. Яны вельмі моцна адстойвалі правы беларускай меншасьці на культурнай, грамадзкай і палітычнай ніве. Для гэтых арганізацыяў найважнейшая беларуская справа, як справа штодзённага жыцьця на Падляшшы, а па-другое – для нас, беларусаў Польшчы, важна, каб была беларускасьць і ў Беларусі, каб назва “беларуская дзяржава” адпавядала рэчаіснасьці. Тут для нас вельмі важна мець пачуцьцё маральнай еднасьці зь людзьмі, для якіх беларускія вартасьці важныя”.

(Карэспандэнт: ) “Зьезд пакуль не прыняў канкрэтных пастановаў адносна ўдзелу беларусаў Польшчы ў выбарах у мясцовыя органы самакіраваньня. Калі будзе канчатковае рашэньне ў гэтай справе?”

(Вапа: ) “Удзел у выбарах у органы мясцовага самакіраваньня, якія адбудуцца ўвосень, для нас справа вельмі важная. Для гэтага існуе Беларускае Дэмакратычнае аб’яднаньне – палітычная партыя, якая цяпер рыхтуе канцэпцыю нашага ўдзелу ў выбарах. Прыкладна празь месяц–два гэтая канцэпцыя будзе гатовая канчаткова.Тут гаворка ідзе пра стварэньне беларускага выбарчага камітэту і зьвязаныя з гэтым справы”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Вапа, форум Беларускага Саюзу зьбіраецца раз на два гады. Акрамя выбараў, што падаецца Вам найбольш важным з заплянаваных на гэты час справаў?”

(Вапа: ) “Гэта справа асьветы. Мы хочам, каб у Беластоку вывучэньне беларускай мовы, акрамя пачатковай школы, распаўсюдзілася і на гімназіі”.

Дэлегаты зьезду абмеркавалі таксама апошні этап амаль двухгадовай інфармацыйнай кампаніі ў справе агульнапольскага перапісу насельніцтва – гэта першы ад ваеннага часу перапіс, дзе трэба будзе падаць нацыянальнасьць. Адмыслоўцы прагназуюць, што многія беларусы назавуцца палякамі, бо пабаяцца дыскрымінацыі. Напярэдадні перапісу, які пачнецца пры канцы траўня, Беларускі Саюз выпусьціць адмысловыя ўлёткі, у якіх закліча беларусаў падаваць сваю сапраўдную нацыянальнасьць.
XS
SM
MD
LG