Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ БУДЗЕ ПАСЬПЯХОВАЙ МІСІЯ ЭЎРАЗЬВЯЗУ НА БЛІЗКІМ УСХОДЗЕ?


Віталь Цыганкоў, Прага

Сёньня ў рэгіён прыбыла дэлегацыя Эўразьвязу на чале з шэфам замежнай палітыкі Гаўерам Салянам і Хозэпам Піке, міністрам замежных справаў Гішпаніі, якая зараз старшынюе ў Эўразьвязе.

Учора старшыня Эўрапейскай камісіі Рамана Проды заявіў, што Эўразьвяз павінен замяніць ЗША ў ролі галоўнага пасярэдніка ў канфлікце. Аднак эўрапейскія пасланьнікі пакуль ня здолелі выразна патлумачыць, што новага яны могуць прапанаваць варагуючым бакам канфлікту ў параўнаньні з папярэднімі міратворчымі місіямі, якія ня мелі посьпеху.

І Саляна, і Піке кажуць, што Эўразьвяз запатрабуе ад Ізраілю і палестынцаў выканаць апошнюю рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН. Вось што заявіў міністар замежных справаў Гішпаніі Хозэп Піке:

(Піке: ) “Я гаварю пра канкрэтныя дзеяньні. Я лічу, што ўжо дастаткова палітычных ідэяў. Ёсьць плян Тэнэту, палітычны плян. Ёсьць важныя палітычныя ініцыятывы, – напрыклад, Савудаўскай Арабіі, прынятая на арабскім саміце. І што нам зараз трэба – гэта стварыць неабходныя ўмовы для выкананьня ўсіх гэтых плянаў. Так што зараз трэба канкрэтныя дзеяньні. Вось чаму мы вырашылі прыехаць сюды”.

Нагадаю, што рэзалюцыя, пра якую ідзе размова, прынятая Радай Бясьпекі ААН у нядзелю, заклікае да спыненьня агню, вываду ізраільскіх войскаў з палестынскіх тэрыторыяў і аднаўленьня мірных перамоваў. І Саляна, і Піке далі зразумець, што яны чакаюць ад Ізраілю першых крокаў у ажыцьцяўленьні рэзалюцыі. Міністар замежных справаў Гішпаніі Хозэп Піке лічыць, што Ізраіль мусіць спыніць атакі супраць уладаў палестынскай аўтаноміі.

(Піке: ) “Мы настойваем, што законная барацьба супраць тэрарызму – у якой мы ўсе бярэм удзел без усялякіх агаворак – ня можа апраўдаць разбурэньне ўладных структураў палестынскай аўтаноміі, якія ёсьць законнымі прадстаўнікамі палестынскага народу і падставай для будучай палестынскай дзяржавы, стварэньне якой мы ўсе разглядаем як канчатковае разьвязаньне канфлікту”.

Гаўер Саляна паведаміў, што сустрэча з Арафатам ёсьць галоўнай мэтай візыту. Аднак, як стала сёньня вядома, ізраільскія ўлады так і не дазволілі кіраўнікам Эўразьвязу сустрэцца зь лідэрам палестынскай аўтаноміі. Ізраільскія ўлады заявілі, што яны вітаюць візыт прадстаўнікоў Эўразьвязу, але гэта не зьвязана з магчымасьцю дэлегацыі сустрэцца з Арафатам.
XS
SM
MD
LG