Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БРЫТАНІЯ НАКІРАВАЛА Ў АФГАНІСТАН БУЙНУЮ ВАЙСКОВУЮ ГРУПОЎКУ


Мікола Пачкаеў, Лёндан

Тэме вайны з тэрарыстамі “Аль-Каіды” ў Афганістане хоць і не надаюць сёньня гэтулькі грамадзкай увагі ў Брытаніі, як падчас нядаўняга разгрому “Талібану”, аднак жа яна зноў загучала цяпер сярод галоўных навінаў брытанскіх СМІ.

Пасьля перамогі над “Талібанам” дыскусія ў Брытаніі закранала перадусім удзел брытанскіх вайсковых аддзелаў у міжнародным міратворчым кантынгенце ў Афганістане, пытаньні дапамогі ў адбудове і аднаўленьні, а таксама грамадзянскія правы брытанцаў, якія былі ўзятыя ў палон амэрыканскімі сіламі на баку “Аль-Каіды” і “Талібану” і трымаюцца ў амэрыканскім фільтрацыйным лягеры на Кубе.

Але вайна ў Афганістане аказалася яшчэ далёка не закончанай для Брытаніі. Цяпер абвесьцілі пра пасылку ў Афганістан найбуйнейшай брытанскай вайсковай групоўкі з часоў вайны ў Пэрсідзкай затоцы – гаворка ідзе пра 45-ю Групу камандас Каралеўскай марской пяхоты ў складзе 1700 жаўнераў, пры падтрымцы гелікоптэраў і тэхнікі. Наколькі значныя гэта сілы? У толькі што завершанай апэрацыі “Анаконда”, найбуйнейшай да гэтага часу наземнай апэрацыі заходніх сілаў у Афганістане, бралі ўдзел 1000 амэрыканскіх і яшчэ каля 200 іншых заходніх жаўнераў, перадусім канадыйцаў.

Брытанскі ўрад прызнае, што пасылка гэтай групоўкі ў Афганістан зьвязаная з рэальнай небясьпекай для брытанскіх жаўнераў. Але гэтыя дзеяньні кіраўніцтва краіны адпавядаюць канцэпцыі пасьлядоўнага ўдзелу Вялікабрытаніі ў барацьбе з тэрарызмам і маюць падтрымку пераважнай часткі парлямэнту, палітычнай эліты і грамадзтва.

Некаторыя назіральнікі мяркуюць таксама, што разгортваньне брытанскіх войскаў у Афганістане мае і дыпляматычнае значэньне – як знак падтрымкі змаганьня, якое вядуць ЗША, у кантэксьце таго, што Эўрапейскі Зьвяз ня выказаў падтрымкі пэрспэктыве пераносу Злучанымі Штатамі ваенных дзеяньняў таксама і на Ірак. Магчыма, такая трактоўка мае сэнс.

У кожным разе, пасылка брытанскіх наземных сілаў у Афганістан відавочна адпавядае агульнай канцэпцыі самастойнай зьнешняй палітыкі Тоні Блэйра, якая ня зьводзіцца ні да ролі Брытаніі як толькі найбліжэйшага саюзьніка ЗША, ні да вызначэньня Брытаніі як толькі й адзіна краіны Эўразьвязу.
XS
SM
MD
LG