Шэраг пытаньняў у справе збліжэньня эканамічнай палітыкі і ўмоваў гаспадараньня ў Расеі і Беларусі, якія разглядаліся сёньня саветам міністраў так званай саюзнай дзяржавы, маюць на мэце падрыхтоўку да ўвядзеньня адзінай валюты — пра гэта паведаміў прэм'ер-міністар Расеі Міхаіл Касьянаў.
Ён зазначыў, што для гэтага патрэбнае ўвядзеньне адзіных падаткаў і мытных пошлінаў, скасаваньне льготаў, выкарыстаньне адзіных тарыфаў на энэрганосьбіты, адзіных умоваў гаспадараньня. Усе гэтыя пытаньні павінны быць вырашаныя да 1 красавіка гэтага году шляхам пакетнага падпісаньня чатырох міжурадавых дамоваў ды дэкрэта і ўказа кіраўніка Беларусі аб скасаваньні льготаў суб'ектам гаспадараньня. Прадпрыемствам абяцаная нейкая кампэнсацыя за страту льготаў ды пераход на расейскую сыстэму падтрымкі вытворцаў. Гаворыць Міхаіл Касьянаў:
(Касьянаў: ) “На наш погляд, гэта сур'ёзны, кардынальны рух, ён можа падацца пакутлівым, неадназначным. Але рабочыя групы з абодвух бакоў аналізуюць гэтыя пытаньні. Засталося яшчэ некалькі нявысьветленых момантаў і заўвагаў, якія павінны быць вырашаныя за кароткі тэрмін. Безумоўна, узьнікнуць пытаньні балянсаваньня паміж бюджэтамі Расеі і Беларусі ў сувязі з такімі захадамі”.
Абяцаных на пачатак красавіка адзіных коштаў на газ і электраэнэргію даўно дамагаўся беларускі ўрад. Аднак нават пасьля зьніжэньня гэтых коштаў да больш нізкага ўнутрырасейскага ўзроўню беларускія вытворцы вымушаныя будуць плаціць, напрыклад, за газ дадаткова 20% падатку на даданую вартасьць.
Акрамя таго, урад Беларусі настойваў на спагнаньні ўскосных падаткаў па месцы прызначэньня. Як паведаміў прадстаўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Леанід Козік, пры гэтым беларускі бюджэт мог разьлічваць на дадатковыя ад 30 да 118 мільёнаў даляраў — паводле падлікаў па розных таварных групах. Аднак расейскі бок прыняў жорсткае рашэньне аб дзейнасьці паводле прынцыпу ўскоснага падаткаабкладаньня па краіне паходжаньня тавараў. Такім чынам, беларускі бюджэт не атрымае гэтых мільёнаў.
Акрамя таго, паводле інфармацыі з МЗС Беларусі, на гэты момант у Расеі і Беларусі захоўваюцца розныя стаўкі мытных пошлінаў прыблізна на 10% таварных групаў. І калі яны будуць канчаткова ўніфікаваныя, пакуль ніхто сказаць ня можа. Да таго ж, як са шкадаваньнем прызнаў беларускі прэм'ер Генадзь Навіцкі, на беларуска-расейскай мяжы захоўваецца мытны кантроль і афармленьне тавараў.
Іншая вострая праблема гэтак званай саюзнай дзяржавы — выкананьне бюджэту. Беларусь летась выканала свае абавязкі толькі на 30%. Пры гэтым кантрольныя органы абедзьвюх краінаў выявілі, што 170 мільёнаў з саюзнага бюджэту выкарыстоўваліся на "нямэтавыя праекты".