Міністар юстыцыі Віктар Галаванаў сустрэўся зь дзейным кіраўніком КНГ АБСЭ ў Менску Мішэлем Рывалье.
Хаця былы кіраўнік Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Менску Ганс-Георг Вік зьехаў зь Беларусі больш як два месяцы таму, а пераемніка яго на гэтай пасадзе ўсё яшчэ няма, група працягвае дзейнічаць. Вось што сказаў Луіш Кабаса, прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЭ — міністра замежных справаў Партугаліі:
(Кабаса: ) “Місія АБСЭ падтрымліваецца дзейным старшынём. Яны маюць штодзённы кантакт з сакратарыятам АБСЭ ў Вене, і мы сочым за іхнай дзейнасьцю, чытаем іхныя справаздачы, даем ім інструкцыі. Таму яны карыстаюцца падрымкай і поўным даверам з боку старшынства АБСЭ”.
Пацьверджаньнем гэтых словаў спадара Кабасы сталася наведваньне дзейным кіраўніком групы АБСЭ ў Менску Мішэлем Рывалье Міністэрства юстыцыі Беларусі, дзе ён сустрэўся зь міністрам Віктарам Галаванавым. Як паведаміў спадар Рывалье, гэта зьвязана з непасрэднай дзейнасьцю АБСЭ ў прававых пытаньнях.
(Рывалье: ) “Гэта быў візыт ветлівасьці. Мы абмеркавалі далейшае супрацоўніцтва ў прававых пытаньнях — як можам забясьпечыць супрацоўніцтва паміж КНГ і Міністэрствам юстыцыі”.
Паводле нашых зьвестак, гэта першая афіцыйная сустрэча дзейнага кіраўніка групы АБСЭ ў Менску пасьля ад'езду былога кіраўніка Ганса-Георга Віка ды шматлікіх заяваў беларускіх уладаў пра тое, што мандат КНГ АБСЭ скончыўся.
Хаця Мішэль Рывалье суправаджаў дэлегацыю рабочай групы ў справах Беларусі Парлямэнцкае асамблеі АБСЭ на чале з Утай Цапф і сустракаўся з рознымі беларускімі чыноўнікамі, ягоная размова зь міністрам юстыцыі стала пацьверджаньнем таго, што афіцыйны Менск дагэтуль прызнае статус групы АБСЭ.
Сам спадар Рывалье яшчэ раз засьведчыў свой статус:
(Рывалье: ) “Я, натуральна, ёсьць дзейным кіраўніком групы, так”.
Мішэль Рывалье паведаміў, што навінаў наконт новага сталага кіраўніка КНГ АБСЭ па-ранейшаму няма.
А супрацоўнік партугальскага МЗС Луіш Кабаса, які займаецца пытаньнямі Беларусі ў дзейным старшынстве АБСЭ, гэтак ахарактарызаваў сытуацыю зь непрызначэньнем новага кіраўніка групы ў Менску:
(Кабаса: ) “Гэта ня ёсьць незвычайнай сытуацыяй — мець групу без прызначанага кіраўніка цягам некаторага часу. У Чачні, напрыклад, мы прыкладна 1 месяц ня мелі кіраўніка групы, і група працавала на чале з намесьнікам кіраўніка. Таму гэта не зусім незвычайная сытуацыя. Хаця гэта і ня самая пажаданая сытуацыя, бо кіраўніка групы са статусам амбасадара інакш успрымаюць улады. Але група працуе, яна выконвае свой мандат”.