Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЖОРДЖА БУША 70 РАЗОЎ ПЕРАПЫНЯЛІ АПЛЯДЫСМЭНТАМІ


Юры Дракахруст, Прага

Тэма змаганьня з тэрарызмам і ваенная апэрацыя ЗША ў Афганістане знайшлі адлюстраваньне нават ў складзе гасьцей, што прысутнічалі на ўрачыстым выступе прэзыдэнта ЗША. Упершыню з 11 верасьня прылюдна зьявіўся віцэ-прэзыдэнт Дык Чэйні (у краіне дзейнічае надзвычайнае становішча і таму віцэ-прэзыдэнт мусіць знаходзіцца ў сакрэтным сховішчы).

Сярод ганаровых гасьцей былі кіраўнік часовага ўраду Афганістану Гамід Карзай, удава афіцэра ЦРУ, што загінуў у Афганістане, дзьве стуардэсы, што затрымалі тэрарыста, які ў абутку пранес выбуховае прыстасаваньне ў самалет.

Прэзыдэнт не хаваў праблемаў, што стаяць перад краінай. Ён падкрэсьліў, што тэрарыстычная пагроза Амэрыцы яшчэ не прадухіленая. Падчас апэрацыі ў Афганістане ў лягерах тэрарыстаў былі знойдзеныя пляны амэрыканскіх атамных станцыяў і вадасховішчаў, інструкцыі па стварэньні хімічнай зброі. “Тое, што мы знайшлі ў Афганістане падцьвяржае: нашая вайна супраць тэрору толькі пачынаецца”, – заявіў Джордж Буш.

Ён паведаміў, што з 1979 году у Афганістане прайшлі навучаньне каля 100 тысячаў тэрарыстаў. Паводле словаў прэзыдэнта ЗША зараз гэтыя асобы распаўсюдзіліся па ўсім сьвеце , як бомбы з гадзінікавым мэханізмам, якія чакаюць свайго часу. У ліку краніў, якія даюць прытулак тэрарыстам, ён назваў Філіпіны, Босьнію і Самалі. Джордж Буш заклікаў гэтыя дзяржавы выдаліць тэрарыстаў. “Калі яны ня будуць дзейнічаць, будзе дзейнічаць Амэрыка,” – папярэдзіў кіраўнік ЗША.

Не абыйшоў ён увагай і тыя краіны, якія ствараюць зброю масавага зьнішчэньня. Джордж Буш назваў Паўночную Карэю, Ірак і Іран “восьсю зла” і таксама паведаміў пра гатоўнасьць Амэрыкі супрацьстаяць іхным выклікам. “Я ня буду чакаць, пакуль небясьпека наблізіцца. Мы не дазволім самым небясьпечным рэжымам у сьвеце пагражаць нам самай небясьпечнай ў сьвеце зброяй,” – заявіў ён.

Змаганьне з тэрарызмам патрабуе ахвяраў, у тым ліку і фінансавых. Прэзыдэнт паведаміў, што кожны дзень вайны ў Афганістане абыходзіцца амэрыканскаму бюджэту ў 30 мільёнаў даляраў, і заклікаў Кангрэс падтрымаць прапанаванае ім павялічэньне ваенага бюджэту – самае маштабнае за апошнія 20 гадоў. Адміністрацыя прапануе павялічыць ваеныя выдаткі на 48 мільярдаў даляраў, а таксама падвоіць бюджэтныя выдаткі на выведку, берагавую ахову і грамадзянскую абарону.

Як адзначаюць назіральнікі, ваеныя прапановы прэзыдэнта Буша хутчэй за ўсё будуць прынятыя і заканадаўцамі, і грамадзтвам. Апазыцыйная дэмакратычная партыя хаця і крытыкуе урад за эканамічную палітыку, але цалкам падтрымлівае ягоныя ваеныя высілкі. Журналісты падлічылі, што ўчорашняя прамова Джорджа Буша 70 разоў перапынялася воплескамі залі.

Паводле дадзеных сацыялягічных апытаньняў зараз дзеяньні прэзыдэнта ўхваляюць 80% амэрыканцаў. Такога высокага ўзроўню падтрымкі ня меў ніводзін амэрыканскі лідэр з часоў Франкліна Рузвэльта.

XS
SM
MD
LG