Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УВЯДЗЕНЬНЕ ЭЎРА – САМАЯ МАШТАБНАЯ ГРАШОВАЯ РЭФОРМА Ў ГІСТОРЫІ


Мікола Іваноў, Прага

Першымі на новую валюту эўра перайшлі жыхары трапічнай францускай выспы Рэўніон. Адразу пасьля паўночы мэр сталіцы выспы, гораду Сан Дэні Рэнэ, Поль Вікторыя зрабіў першую ў сьвеце пакупку на эўра. У мясцовым супэрмаркеце ён купіў садавіны на 76 цэнтаў.

Як адзначаецца ў справаздачы Эўракамісіі, увядзеньне новай валюты (гэта самая маштабная грашовая рэформа за ўсю гісторыю чалавецтва) адбылося ў 12 эўрапейскіх краінах урачыста, але спакойна, і суправаджалася толькі паасобнымі інцыдэнтамі. У Гішпаніі перад банкамі і касавымі аўтаматамі выстройваліся чэргі. Усе імкнуліся як мага хутчэй атрымаць новую валюту.

У Бэрліне больш за 1 млн. чалавек сабраліся на плошчы перад Брандэнбургскай брамай, каб урачыста сустрэць новую валюту. У Рыме турысты кідалі новыя манэты-эўра ў сусьветна вядомы фантан Трэві.

Сярод жа водгукаў усясьветнага друку пераважаюць узьнёслыя камэнтары, але ёсьць і крытычныя заўвагі.

Financial Times называе ўвядзеньне эўра гістарычным момантам, але задае пытаньне: “Якія ж далейшыя зьмены яно можа выклікаць?”
Калі галоўная задача эўра – спрыяць стварэньню падзеленай сьвядомасьці, на базе якой зьявіцца новая інтэграцыя, людзі будуць меркаваць, што новыя грошы прывядуць да новага высокага ўзроўню дабрабыту. Шмат хто думае, што эўра будзе моцнай валютай, але дасюль яна была слабой валютай. Шмат хто таксама меркаваў, што памеры эўразоны дазволяць ёй пасьпяхова супрацьстаяць вонкавым праблемам, але усясьветны эканамічны крызыс зрабіў на яе моцны ўплыў.

Нямецкая Frankfurter Allegemeine Zeitung піша: “Значэньне эўра выходзіць далёка за межы эўразоны. У Цэнтральна-эўрапейскіх краінах, якія ў хуткім часе далучацца да Эўрапейскага Зьвязу, эўра будзе адыгрываць ролю паралельнай валюты. А ў іншых краінах Усходняй Эўропы эўра, магчыма, будзе мець куды большае значэньне, чымсьці калі-небудзь мела нямецкая марка”.

Камэнтатар брытанскай газэты Guardian Гуга Янг піша, што эўра з “эканамічнага фактару” ператварылася ў “палітычную рэальнасьць” для больш як 300 млн. чалавек. На старонках газэты ён задае пытаньне: “Калі ж Брытанія пойдзе за гэтым прыкладам і далучыцца да эўразоны?” Паволі брытанскі скептыцызм зьмяншаецца, і пераход краіны на эўра непазьбежны. На думку Янга, Брытанія можа толькі пашкодзіць сабе, калі надалей будзе адтэрміноўваць пераход на эўра.

У рэдакцыйным камэнтары сёньняшняй Financial Times чытаем: “Увядзеньне эўра – гэта трыюмф палітычнай волі над практычнымі перашкодамі. Фізычнае ўвядзеньне эўра – гэта спадчына новаму пакаленьню ад эўрапейскіх лідэраў, якія ажыцьцявілі мару, нават насуперак пераважнай частцы грамадзкай думкі.

Эўра, піша далей Financial Times, цяпер ня толькі сродак фінансавых апэрацыяў. Гэта сымбаль агульнай мэты для Эўропы. Новая валюта цяпер неабарачальны фактар. Ен павінен прынесьці посьпех. Альтэрнатывы няма.

XS
SM
MD
LG