Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АФГАНІСТАН: ГАЛОЎНАЯ МЭТА ПАКУЛЬ НЕ ДАСЯГНУТАЯ


Валер Каліноўскі, Прага

Упершыню за апошнія два тыдні поле бою ў гарах Тора Бора заставалася ў цішыні, пасьля таго, як сілы антыталібскай кааліцыі заявілі, што яны перамаглі баевікоў Аль-Каіды, якія абаранялі комплекс пячораў і тунэляў у гэтых гарах, – паведамляюць карэспандэнты Агенцтва Франс-Прэс.

Самалёты ЗША сёньня спынілі бамбаваньне, і пуштунскія атрады разам з амэрыканскімі спэцгрупамі праводзяць інтэнсыўны пошук рэштак баевікоў Аль-Кайды і іхнага лідара Усаму Бін Лядэна. “Некалькі дзён таму ён быў тут”,– прызнаюць прадстаўнікі амэрыканскага вайсковага камандаваньня.

Афганскае злучэньне пад камандваньнем Махамада Амана Кіары гэтай ноччу затрымала яшчэ пяць баевікоў Аль-Кайды, параніўшы аднаго зь іх, калі той спрабаваў уцячы.

“Сябры Аль-Кайды хаваюцца групамі па пяць-шэсць чалавек,” –гаворыць Махамад Кіары. Але ён сумняваецца, што Бін Лядэн застаецца на гэтай тэрыторыі.

“Калі б Усама быў тут, то яны б змагаліся з намі”,– цытуе палявога камандзіра Махамада Кіары агенцтва Associated Press. – “Цяпер ён можа ўжо кудысьці сышоў, альбо ён ужо мёртвы”.

Прадстаўнік Пэнтагону Джон Стафлэбім параўноўвае цяперашнюю пагоню за Бін Лядэнам і сябрамі Аль-Кайды з пошукам блых у сабакі. Пакуль што толькі некалькі соцень з двух тысячаў байцоў Аль-Кайды злоўленыя альбо забітыя. І няма ніякіх зьвестак пра тое, куды падзелася рэшта, ці пра тое, што першапачатковыя ацэнкі іх колькасьці былі завышаныя.

Што датычыць самога Бін Лядэна, то як зазначае CNN, арыштаваныя байцы Аль-Каійды апошні раз бачылі яго ў раёне Тора Бора яшчэ ў мінулую сыботу. Але іхную інфармацыю трэба разглядаць з пэўным скептыцызмам.

У паднёвым Афганістане прадстаўнікі мясцовай адмінстрацыі зазначаюць, што духоўны лідэр Талібану мула Амар сышоў у Багран, у падножжы гор, разам з 300-400 баевікамі. Але пакуль не плянуецца тэрміновая пагоня за імі. “Кожную гадзіну нам паведамляюць, дзе мула Амар,” – кажа Хаджы Гулалаі, шэф выведкі губернатара Кандагару.– “Амерыканцы ведаюць, дзе ён, але мы павінны быць у той жа мясцовасьці, каб накіроўваць іхнае бамбаваньне. Без нашай дапамогі яны могуць патрапіць у цывільныя раёны. Пакуль што мы не давалі амэрыканцам зялёнае сьвятло для пачатку бамбаваньня ў Багране”. Хаджы Гулалаі ня ведае, дзе Усама Бін Лядэн, але іншыя эспэрты мяркуюць, што Багран можа падацца цалкам лягічным месцам для ўцёкаў і тэрарыста нумар адзін.

Як паведаміў канал ABC, Злучаныя Штаты накіравалі ў гэты рэгіён адмысловую каманду для каардынацыі пошукаў Бін Лядэна, а апэратыўнікі ЦРУ дапытваюць палонных і вязняў у мясцоваых турмах.

У Пакістане ў апошнія дні арыштаваныя 88 сябраў Аль-Кайды.
Каля 4000 пакістанскіх вайскоўцаў абараняюць сваю мяжу ад пранікненьня баевікоў Аль-Кайды. Але падаецца нерэальным перакрыць там усе сьцяжынкі, што дзесяцігодзьдзямі служылі для кантрабанды тавараў і пранікненьня баевікоў, – піша сёньня карэспандэнт Associated Press з Кандагару.

Тымчасам сёньня ўвечары чакаецца падпісаньне фармальнага пагаднення пра умовы знаходжаньня ў Афганістане міратворчых сілаў пад эгідай ААН. Эўразьвяз гатовы прадставіць каля 4000 тысячаў жаўнераў для гэтых сілаў. Пагадзіліся наікраваць сваіх вайскоўцаў і Аргентына, Аўстралія, Канада, Ярданія, Малайзія, Чэхія, Новя Зэляндыя і Турэччына.

Як чакаецца, гэтымі сіламі будуць камандаваць брытанскія генэралы. Генэрал-маёр Джон МакКон ужо прыбыў у Кабул для плянаваньня размяшчэньня міратворчых сілаў. Да канца гэтага тыдня ў Кабуле зьявяцца першыя іхныя падраздзяленьні. Але дасюль паміж новым афганскім кіраўніцтвам і замежнымі саюзнікамі захоўваюцца разыходжаньні ў вызначэньні колькаснага складу і функцыяў міратворчых сілаў у Афганістане пад эгідай ААН.
XS
SM
MD
LG