Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУЛА АМАР: ПЛЯН ЗЬНІШЧЭНЬНЯ ЗША ЎЖО ВЫКОНВАЕЦЦА


Юры Сьвірко, Прага

Галоўнае ў інтэрвію мулы Амара Ўсясьветнай службе Бі-Бі-Сі, якая вяшчае на пуштунскай мове, – гэта ягоная заява пра існваньне вялікага, як ён сказаў, пляну зьнішчыць Злучаныя Штаты. Паводле лідэра Талібану, гэта можа адбыцца найбліжэйшым часам.

На пытаньне, як ён ставіцца да мажлівасьці фармаваньня новага, кааліцыйнага ўраду Афганістану, мула Амар адказаў гэтак: “Мы лепш абяром сьмерць, чым урад фашыстаў”. Лідэр талібаў дадаў, што цяпеашняя сытуацыя ў Афганістане зьвязаная з больш маштабнаю справаю – са зьнішчэньнем Амэрыкі. Мула Амар заявіў, што гэты плян зьнішчэньня ЗША ўжо выконваецца й, цытую, “Бог жадае, каб ён быў выкананы, але гэта агромністая задача, большая за волю й разуменьне чалавека. Калі Божая дапамога будзе з намі, тады гэта здарыцца цягам кароткага пэрыяду часу. Майце на ўвазе гэтае прадказаньне”, -- заявіў кіраўнік талібаў

Міністар унутраных справаў Паўночнага альянсу Юніс Кануні заявіў, што цяпер Талібан кантралюе менш за 20 адсоткаў тэрыторыі Афганістану. Вось як камэнтуе гэта лідэр талібаў. Мула Амар сказаў, што зусім няважна, колькі правінцыяў Афганістану знаходзіцца цяпер пад ягоным кантролем, таму што тэрыторыі можна згубіць, а можна й вярнуць.

“Пад нашым кантролем чатыры-пяць правінцыяў, – заявіў лідэр талібаў. – Але няма ніякае розьніцы, кантралюем мы адну, дзьве ці 20 правінцыяў, – сказаў мула Амар і працягваў. – Калісьці мы ня мелі нават адной правінцыі, але пазьней мы захапілі ўсе правінцыі. Мы згубілі захопленыя правінцыі, але гэта ня мае значэньня”.

Кіраўнік Талібану таксама заявіў, што змаганьне за кааліцыйны ўрад Афганістану ідзе ўжо прынамсі 20 гадоў, але нічога з гэтага не атрымалася.

Іншыя прадстаўнікі Талібану заявілі тэлекампаніі Сі-Эн-Эн, што калі іх вымусяць пакінуць Кандагар, дык яны адступяць у горы й распачнуць партызанскую вайну.

Мула Амар заявіў, што дагэтуль кантралюе горад Кандагар, дзе, паводле ягоных словаў, ён зараз і знаходзіцца. Але шмат талібаў засталося й на поўначы краіны, ў горадзе Кундузе, каля афганскай мяжы з Таджыкістанам. Талібы кажуць, што тысячы іх вайскоўцаў акапаліся ў горадзе ды ў ягоных ваколіцах. Тым часам Паўночны альянс паведамляе, што ягоныя войскі набліжаюцца да Кундузу, і ўжо адбываюцца жорсткія баі каля гэтага гораду. Калі альянс захопіць горад Кундуз, гэта адкрые наземныя шляхі для гуманітарнай дапамогі ды іншых паставак з Таджыкістану.

Пакуль жа прадстаўнік Паўночнага альянсу ў суседнім Таджыкістане Саід Ібрагім Хікмат сказаў, што ў Кундузе знаходзяцца каля 20 тысячаў байцоў Талібану, сярод якіх ёсьць арабы, чачэнцы й пакістанцы.

XS
SM
MD
LG