Лінкі ўнівэрсальнага доступу

NEWSWEEK: КАРАНІ ГНЕВУ


Мікола Іваноў, Віталь Цыганкоў, Сяргей Шупа, Прага

У апошнім нумары тыднёвіка Newsweek надрукаваны ягоны аналітычны артыкул «Карані гневу», прысьвечаны тэме, якая апошнімі тыднямі сталася папулярнай у заходнім друку – чаму адбылася трагедыя 11 верасьня? На нашых хвалях – адмысловая перадача, дзе мы пазнаёмім вас з фрагмэнтамі гэтага артыкулу.

Чаму адбылася трагедыя 11 верасьня? У чым карані ісьлямскага фундамэнталізму? Чым Амэрыка можа дапамагчы мусульманскаму сьвету? Адказы на гэтыя пытаньні шукае амэрыканскі палітоляг Фарыд Закарыя ў артыкуле, надрукаваным у апошнім нумары тыднёвіка Newsweek.

І

Сучасная эпоха ў арабскім сьвеце, чытаем на старонках часопіса Newsweek, распачалася з прыходам да ўлады ў Эгіпце пад канец 50-х гадоў Гамаль Абдэль Насэра. Стагодзьдзямі арабскія краіны кіраваліся каляніяльнымі губэрнатарамі і дэкадэнцкімі каралямі. Выглядала, што Насэр будзе выратавальнікам арабскага сьвету.

Ён нарадзіўся за часоў брытанскага панаваньня ў Александрыі, касмапалітычным горадзе, які быў больш міжземнаморскі, чымся арабскі. Гады свайго сталеньня ён правёў у арміі, якая была найбольш эмансыпаваным элемэнтам грамадзтва.

Насэр лічыў, што арабскі сьвет павінен быць рэфармаваны з дапамогай такіх заходніх ідэяў, як самавызначэньне, сацыялізм і арабскае адзінства. І перад тым, як нафтадаляры ператварылі краіны Персыдзкай затокі ў “залатых гусак", Эгіпэт быў бясспрэчным лідэрам Блізкага Ўсходу.

Здавалася, што ідэі Насэра дапамогуць арабскім краінам рэфармавацца. Здарылася, аднак, інакш. Ідэі гэтыя ажыцьцяўляліся найгоршым спосабам. Сацыялізм прывёў да бюракратыі і застою. Арабскія рэспублікі ператварыліся ў дыктатуры. Рух “недалучаных дзяржаваў” у сапраўднасьці быў толькі інструмэнтам савецкай прапаганды.

Арабскае адзінства не спраўдзілася, як толькі паасобныя краіны пачалі адчуваць свае ўласныя нацыянальныя інтарэсы. Ізраіль двойчы моцна зьняважыў арабаў у войнах 1967 і 1973 гг. А калі Садам Гусэйн захапіў Кувэйт у 1990 годзе, ён зьнішчыў рэшткі арабскай ідэі.

Зьвернем увагу на сёньняшні Эгіпэт, – піша на сваіх старонках амэрыканскі часопіс Newsweek. – Абяцаньні Насэра ператварыліся ў сапраўдны кашмар. Урад эфэктыўны толькі ў адной галіне: здушэньні дысыдэнцтва і запалохваньні грамадзянскай супольнасьці. На працягу апошніх 30 год ягоная эканоміка разыходзіцца па швах, а колькасьць насельніцтва павялічылася ўдвая. Беспрацоў’е на ўзроўні 25%, а 90% тых, хто шукае працу, маюць дыплёмы вышэйшай адукацыі. Некалі Эгіпэт быў цэнтрам арабскага інтэлектуальнага жыцьця, а цяпер у краіне друкуецца ўсяго 375 кніжак на год. (У Ізраілі, для параўнаньня, 4000).

Але Эгіпэт яшчэ выглядае лепш, чымся ягоныя арабскія суседзі. Сырыя – адна з найбольш рэпрэсыўных паліцыйных дзяржаваў у сьвеце, краіна, дзе 25 тыс. чалавек могуць быць затрыманыя і забітыя рэжымам без аніякіх наступстваў.

Ірак на працягу апошніх 30 гадоў прайшоў шлях ад адной з найбольш мадэрнізаваных і сьвецкіх арабскіх краінаў, дзе жанчыны працавалі, разьвівалася мастацтва і існавала незалежная журналістыка, да убогай сцэны, дзе адбываецца спэктакль мэгаламаніі Садама Гусэйна.

Лібан, разнастайнае касмапалітычнае грамадзтва са сталіцай Бэйрут, які раней называлі Парыжам Усходу, ператварыўся ў пекла вайны і тэрору.

Адбылося амаль неверагоднае, чытаем на старонках амэрыканскага часопісу Newsweek, амаль кожная арабская краіна сеньня менш свабодная, чымся 30 год таму. На сьвеце вельмі мала краінаў, пра якія можна можна сказаць падобнае.

У 70-я гады на Блізкі Ўсход прыйшлі вялікія грошы. Здавалася, што калі насэрызм прайграў, нафтадаляры павінны дапамагчы ў ажыцьцяўленьні надзеяў арабскага сьвету. Але і тут арабскі сьвет чакала новая параза.

Нафтадаляры прывялі да стварэньня групы надзвычай багатых арабскіх краінаў, валадары якіх падарожнічаюць па сьвеце і зьдзіўляюць ўсіх раскошай. Іх ненавідзіць рэшта арабскага сьвету.

Бальшыня амэрыканцаў лічыць, што арабы павінны быць удзячныя за тую ролю, якую амэрыканцы адыгралі ў вайне ў Персыдзкай затоцы, за выратаваньне Кувэйту і Савудаўскай Арабіі. Але ў сапраўднасьці бальшыня арабаў лічыць, што ЗША выратавалі кувэйцкія і савудаўскія каралеўскія сем’і.

Савудаўская Арабія – гэта былое бедуінскае грамадзтва, у якім людзі адчуваюць сябе, як у паасобных клетках. Перапоўненыя расчараваньнем, горыччу і пазбаўленыя ілюзій некаторыя маладыя людзі цяпер жывуць у Афганістане і супрацоўнічаюць з Усамам бін Лядэнам. Сам бін Лядэн і некаторыя зь яго памагатых паходзяць з арыстакратычных савудаўскіх сем'яў.

II

У сярэднявеччы арабскія навукоўцы вывучалі Арыстоцеля, яны прыдумалі алгебру, – чытаем на старонках часопісу Newsweek. Нават у ХІХ стагодзьдзі арабская інтэлектуальная эліта знаходзілася пад уплывам заходніх ідэяў. Калі цяпер чытаеш падрыхтаваную Насэрам “нацыянальную Хартыю” 1962 году, складаецца ўражаньне, што яе падрыхтавалі парыскія левыя інтэлектуалы. Насэр спадзяваўся, што ідэя нацыянальнага адзінства арабаў адыграе ў арабскім сьвеце такую самую ролю, як нямецкая ці італьянская нацыянальныя ідэі падчас аб’яднаньня Нямеччыны і Італіі. Тыя, што гавораць на адной мове, ствараюць адзіную нацыю. Здарылася, аднак, інакш.

Імпартаваць заходнія вырабы (кадылакі, макдональды і гальфстрымы) было значна лягчэйшай справай, чымся імпартаваць заходнія ідэі (свабодны рынак, дэмакратыю, палітычныя партыі, празрыстасьць грамадзкага жыцьця і законнасць).

Улады багатых краінаў Персыдзкай затокі падпісалі са сваімі народамі няпісанае пагадненьне: мы забясьпечваем вам высокі ўзровень жыцьця, а вы аддаяце нам уладу. Гэта як бы прачытаны наадварот галоўны лёзунг амэрыканскай рэвалюцыі: без падаткаў, але і без грамадзкага прадстаўніцтва.

Арабскія грамадзтвы закрытыя, і таму іх амаль не закранае глябалізацыя. Арабы могуць глядзець на глябалізацыю, але яны ня ўдзельнічаюць у ёй.

Арабскія супольнасьці перажываюць цяпер моцны дэмаграфічны выбух. Амаль палова насельніцтва арабскіх краінаў – гэта людзі маладзейшыя за 25 гадоў. Гэта людзі значна лепш адукаваныя, чымся іх бацькі. Яны накіроўваюцца ў вялікія гарады (Каір, Бэйрут, Дамаск) ў пошуках працы. У гэтым новым сьвеце яны бачаць выразны падзел ў маёмасным стане.

Яны шукаюць адказаў на шматлікія пытаньні і не знаходзяць іх. У мінулым падобныя сытуацыі прыводзілі да рэвалюцыяў. У арабскім жа сьвеце гэта прывяло да ісьлямскага адраджэньня.

ІІІ

Гамаль Абдэль Насэр быў памяркоўна пабожным мусульманінам, аднак ён быў нясхільны блытаць рэлігію з палітыкай. Для яго гэта было б нібы павярнуць час назад. Гэта заўважылі малыя ісьлямскія партыі, які дапамагалі Насэру прыйсьці да ўлады. Найважнейшая зь іх – Мусульманскае Брацтва – пачала энэргічна і часта гвалтоўна яму супраціўляцца. Насэр разграміў яе ў 1954 годзе, зьняволіўшы каля тысячы яе прыхільнікаў, а шасьцёх пакараўшы сьмерцю. Адзін са зьняволеных, Саід Кутуб, кволы чалавек з палымяным пяром, напісаў у турме кнігу пад назовам «Вехі на дарозе», зь якой у пэўным сэнсе пачалася гісторыя сучаснага палітычнага Ісьляму – таго, што часта называюць «ісьлямскім фундамэнталізмам».

У сваёй кнізе Кутуб асудзіў Насэра як бязбожніка, а ягоны рэжым – як антыісьлямскі. Мала таго, – працягваў ён, – амаль кожны сучасны арабскі рэжым мае падобныя заганы. Кутуб уявіў сабе лепшую, больш пабожную палітычную сыстэму, заснаваную на строгіх ісьлямскіх прынцыпах – якая была галоўнай мэтай артадаксальных мусульманаў яшчэ ад канца ХІХ стагодзьдзя. Па меры таго, як у пасьлянасэраўскія дзесяцігодзьдзі блізкаўсходнія рэжымы рабіліся штораз больш далёкія ад таго ідэалу, штораз больш жорсткія і крывадушныя, расла прывабнасьць фундамэнталізму. Ён квітнеў, бо Мусульманскае Брацтва і падобныя арганізацыі прынамсі спрабавалі даць людзям адчуваньне нейкага сэнсу, нейкай мэты ў зьменлівым часе – тое, чаго не спрабаваў рабіць ніводзін дзяржаўны кіраўнік на Блізкім Усходзе.

З гэтай прычыны Ісьлям амаль ня мае канкурэнтаў. Арабскі сьвет – гэта палітычная пустыня, дзе няма ні сапраўдных палітычных партыяў, ні вольнага друку, і вельмі мала шляхоў для іншадумства. У выніку мячэць ператварылася ў месца для палітычных дыскусіяў. І фундамэнталісцкія арганізацыі не абмяжоўваюцца аднымі дыскусіямі. Ад Мусульманскага Брацтва да Хамасу і Хізбулы яны актыўна аказваюць сацыяльную і мэдычную дапамогу, кансультуюць у розных пытаньнях і даюць часовы прытулак. Тыя, каму дарагая грамадзянская супольнасьць, з трывогай заўважаюць, што на Блізкім Усходзе гэтыя антылібэральныя групы – і ёсьць грамадзянская супольнасьць.

Ісьлямскі фундамэнталізм атрымаў магутны імпульс у 1979 годзе, калі Аятала Рухала Хамэйні скінуў іранскага Шаха. Іранская рэвалюцыя прадэманстравала, што магутнага лідэра могуць вылучыць і пэўныя сацыяльныя групы. Яна таксама засьведчыла, як у ненармальным грамадзтве нават здавалася б такія пазытыўныя сілы прагрэсу, як адукацыя і тэхналёгія, могуць прычыніцца да стварэньня бязладу. Да 70-х гадоў ХХ стагодзьдзя бальшыня мусульманаў на Блізкім Усходзе былі непісьменныя і жылі ў вёсках і мястэчках. Яны вызнавалі свайго роду «вулічны ісьлям», прыстасаваны да мясцовай культуры. Прасякнутыя плюралізмам і талерантнасьцю, гэтыя людзі часта пакланяліся сьвятым, наведвалі сьвятыні, сьпявалі рэлігійныя гімны і любілі рэлігійнае мастацтва – усё гэта ў прынцыпе не дазваляецца Ісьлямам. (Прынамсі так было ў Іране.) У 70-х гадох, аднак, людзі пачалі перабірацца зь вёсак у гарады і іхны рэлігійны досьвед перастаў быць прывязаны да канкрэтнага месца. У тым самым часе яны вучыліся чытаць і раптам адкрылі для сябе зусім новы Ісьлям, які прапаведвалі фундамэнталісты – гэта была абстрактная вера, заснаваная не на гістарычным досьведзе, а на літаральным, пурытанскім разуменьні Кур’ану.

У гэтай атмасфэры інтэлектуалы, расчараваныя недапечанай або звышхуткай мадэрнізацыяй, якая прынесла ў іхны сьвет бязладзьдзе, пачалі пісаць кнігі супраць «заходняй атруты». Такія людзі, пішучы ў камфорце сваіх лёнданскіх або парыскіх кабінэтаў, крытыкуюць амэрыканскі сэкулярызм і спажывецтва і падтрымваюць ісьлямскую альтэрнатыву. І такія тэорыі, разыходзячыся па арабскім сьвеце, знаходзілі водгук ня ў бедных пластах, для каго мадэрнізацыя – гэта чэроўны рай зь ежай і лекамі. Імі прасякаліся недавучаныя натоўпы, што траплялі ў гарады Блізкага Ўсходу або шукалі адукацыі і працы на Захадзе.

Аднак галоўнай прычына росту ісьлямскага фундамэнталізму палягае ў поўным правале ў арабскім сьвеце палітычных інстытуцыяў. Мусульманскія эліты адвярнулі вочы ад гэтай рэальнасьці. Розныя канфэрэнцыі будуць хутчэй абмяркоўваць праблемы накшталт «Ісьлям і асяродзьдзе», чым вывучаць прычыны нядзейснасьці цяперашніх рэжымаў. Аднак пакуль памяркоўная большасьць глядзіць у другі бок, Ісьлям узурпуе малы атрутны элемэнт – людзі, якія выступаюць за жорсткае абыходжаньне з жанчынамі, ненавідзяць адукацыю, эканоміку і наагул сучаснае жыцьцё.

Цяпер мы падыходзім да пытаньня – чым Злучаныя Штаты могуць дапамагчы Ісьлямскаму сьвету. Аднак калі самі мусульмане ня зробяць нешта, каб не аддаць сваю рэлігію на волю сярэднявечных цемрашалаў, ніякая дапамога звонку іх не ўратуе.

IV

Амаль кожны араб можа тут рашуча запярэчыць. “Добра гаварыць пра няўдачы арабскага сьвету, але як наконт правалу Захаду? Вы гаворыце пра доўгатэрміновы крызыс, але на самой справе корань арабскіх праблемаў палягае ў абмежаванай і жорсткай амэрыканскай палітыцы”. Сапраўды, для большасьці арабаў стасункі са Злучанымі Штатамі перапоўненыя падманутымі спадзяваньнямі.

Арабскі сьвет даволі даўно лічыць, што эўрапейскія каляніяльныя дзяржавы яму здрадзілі. Што да расчараваньня Амэрыкай, то яно пачалося са стварэньнем дзяржавы Ізраіль ў 1948 году. Злосьць і разьюшанасьць яшчэ больш паглыбілася ў выніку амэрыканскай падтрымкі Ізраіля падчас войнаў у 1967 і 1973 гадах. Штодзённае панаваньне ізраільскай палітыкі жалезнага кулака на акупаваных палестынскіх тэрыторыях ўзмацніла такія настроі.

Паўсюль арабы разглядалі амэрыканскую палітыку ў рэгіёне як цынічную і накіраваную на падтрымку ўласных нафтавых інтарэсаў, на падтрымку бандытаў і тыранаў. Нарэшце, бамбаваньні ды ізаляцыя Іраку стала яшчэ адной прычынай для штодзённай крытыкі ЗША. Хаця многія ў арабскім сьвеце ня любяць Хусэйна, яны лічаць, што ЗША выбралі самы антыгуманны спосаб барацьбы зь ім – спосаб, які пакідае галадаць цэлы народ.

Магчыма, самы вялікі грэх ЗША ў дачыненьні да арабскага сьвету – гэта грэх бязьдзеяньня ды ігнараваньня. Амэрыка была занадта бесклапотнай у сваёй арабскай палітыцы.

Але толькі бесклапотнасьцю ЗША ня можна патлумачыць гнеў арабаў. Неадэкватнае пачуцьцё крыўды на амэрыканцаў павінна быць разгледжанае з пункту гледзішча таго пачуцьця прыніжэньня, упадку ды адчаю, што ахапіла арабскі сьвет. Напрыклад, кітайцы таксама рашуча нязгодныя з амэрыканскай замежнай палітыкай, афрыканцы маюць ня меншае пачуцьцё расчараваньня і нясправядлівасьці. Але яны не выказваюць такі гнеў супраць Амэрыкі.

Арабы, аднак, адчуваюць сабе нібыта ў аблозе варожага да іх сучаснага сьвету і што менавіта ЗША сымбалізуюць гэты сьвет. Таму нават калі Амэрыка нічога ня робіць, чуткі пра ейныя подлыя і гнюсныя справы не зьнікаюць. Амэрыканцы ня могуць сабе ўявіць, наколькі распаўсюджанае ў арабскім сьвеце меркаваньне, што менавіта ЦРУ і Масад узарвалі Усясьветны гандлёвы цэнтар, каб апраўдаць напад на мусульманаў ды арабаў. Гэта культура, зь якой паходзяць тэрарысты-сьмяротнікі.

Амэрыка зараз мусіць распрацаваць стратэгію вайны з рэлігійным тэрырызмам. Вайны на ваенным, палітычным ды культурным франтах. На ваенным фронце мэта даволі відавочная – поўнае зьнішчэньне тэрырыстычнай арганізацыі Аль-Каіда. Кожны чалавек альбо арганізацыя, якая плянуе дапамагаць тэрарыстам, мусіць зразумець, што яго абавязкова высачаць і схопяць.

Палітычная стратэгія больш комплексная і глыбокая. Калі казаць шырока, ЗША мае шанец перабудаваць міжнародную сыстэму пад націскам новай пагрозы. Узровень супрацоўніцтва па ўсім сьвеце пасьля 11 верасьня стаў беспрэцэдэнтны. Большасьць урадаў, нават тыя, якія падтрымлівалі тэрарызм у мінулым, бачаць небясьпеку ў існаваньні такіх міжнацыянальных тэрарыстычных груповак, як Аль Каіда.

ЗША маюць пільную патрэбу ў сталым супрацоўніцтве зь іншымі краінамі – каб арыштоўваць тэрарыстаў, выкрываць іхнія схованкі, закрываць банкаўскія рахункі і дзяліцца выведнай інфармацыяй.

Цяпер пра праблему Ізраілю – відавочна самае складанае пытаньне ў рэгіёне. ЗША ня можа аслабіць сваю прыхільнасьць да існаваньня і дабрабыту Ізраіля. Аднак павінны быць праведзеная выразная рыса паміж правам Ізраіля на існаваньне і ягонай акупацыяй Заходняга берагу і Паласы Газа. Ізраіль ня можа заставацца дэмакратычнай краінай і адначасова ваеннай сілай кіраваць на акупаваных тэрыторыях трыма мільёнамі чалавек насуперак іхнай волі. Гэта дрэнна для Ізраіля, дрэнна для палестынцаў, дрэнна для Злучаных Штатаў.

Трэці, і самы жыцьцёва важны кампанэнт бітвы, – гэта культурны фронт. ЗША павінны дапамагчы ісьляму ўвайсьці ў сучасны сьвет. Амэрыка стаіць перад тварам такой злавеснай пагрозы, якая ня можа быць разьвязаная, пакуль ня спыніцца палітычны, эканамічны ды культурны заняпад арабскіх дзяржаваў, што ляжыць у падмурку арабскага гневу. Па-першае, трэба спрыяць зьмякчэньню арабскіх палітычных рэжымаў, вядома, пры ўмове, што яны гатовыя прыняць такую лібэралізацыю. Надта доўга рэжымы накшталт Савудаўскай Арабіі былі ўцягнутыя ў сьмяротны танец з рэлігійным экстрэмізмам. Нават Эгіпэт, які заўсёды фармальна адмаўляў фундамэнталізм, дазваляе сваім кантраляваным мэдыям распаляцца тырадамі супраць ЗША ды Ізраіля (Пры гэтым, арабскія мэдыі маўчаць пра дыктатуры ў сваіх краінах).

Больш агульная задача – дапамагчы памяркоўным арабам даказаць сваім народам, што ісьлям сумяшчальны з сучасным грамадзтвам, што ён дазваляе жанчынам працаваць, заахвочвае адукацыю і вітае людзей іншых вераў і перакананьняў. Амэрыка павінна фінансава дапамагаць памяркоўным мусульманскім групоўкам, навучальным цэнтрам і мэдыям, якія мысьляць па-сучаснаму. Усё гэта трэба рабіць з мэтай аслабіць сілу фундамэнталістаў.

Калі Захад здолее дапамагчы Ісьляму ўвайсьці ў сучаснасны сьвет з годнасьцю і мірам, гэта будзе больш чым дасягненьне бясьпекі. Гэта павінна зьмяніць сёньняшні сьвет.

XS
SM
MD
LG