Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АПЭРАЦЫЯ Ў АФГАНІСТАНЕ. ПЭНТАГОН ПАВАЖАЕ РАМАДАН


Сяргей Шупа, Прага

На працягу наступнага месяца амэрыканскія аддзелы зьбіраюцца нанесьці ўдар па 55-тай брыгадзе талібаў – загартаванай у баёх штурмавой групоўцы, якая складаецца зь некалькіх тысячаў арабаў ды іншых замежнікаў.

Некаторыя экспэрты лічаць, што зьнішчэньне 55-тай брыгады мае ключавое значэньне ў падрыве ўлады талібаў і здушэньні тэрарыстычнай сеткі, кіраванай Усамам бін Лядэнам. Гэтая брыгада ў значнай ступені і прадстаўляе бін Лядэнаву арганізацыю ў Афганістане.

Службоўцы міністэрства абароны і аналітыкі выказваюць меркаваньне, што са зьмяншэньнем колькасьці бамбаваных аб’ектаў пасьля першага тыдня паветраных удараў, у наступным месяцы асноўная ўвага будзе нададзеная наземным апэрацыям амэрыканскіх спэцыяльных аддзелаў, улучна з рэйдамі дывэрсійна-дэсантных групаў і выведнымі місіямі.

Амэрыканскія вайсковыя аддзелы, якія нядаўна былі перакінутыя ў суседнія з Афганістанам рэгіёны, засяродзяцца на працы з афганскай апазыцыяй, якая змагаецца супраць рэжыму талібаў. У гэтай ролі яны будуць каардынаваць амэрыканскія паветраныя ўдары і наземныя атакі апазыцыі, скіраваныя на аслабленьне рэжыму талібаў.

Выглядае, што гэты ваенны плян прынамсі часткова задуманы на тое, каб запэўніць амэрыканцаў, што ўрад не спыняе барацьбы з тэрарыстамі.

Плянаваньне наступнай фазы ваеннай апэрацыі адбываецца ў вельмі сьціслых часавых рамках. Пэнтагон фактычна мае месячнае акно ад сярэдзіны гэтага месяца да сярэдзіны лістапада, калі пачынаецца сьвяты мусульманскі месяц рамадан. За гэты час трэба пасьпець разбурыць тэрарыстычную сетку і падарваць уладу талібаў.

Як зазначаюць назіральнікі, тыя, хто плянуе амэрыканскія ваенныя апэрацыі, выяўляюць незвычайную павагу да рэлігійнай адчувальнасьці і таму вельмі малаверагодна, каб гэтыя апэрацыі адбываліся падчас рамадану. А пасьля таго пачатак зімы непазьбежна прымусіць Злучаныя Штаты згарнуць ваенную дзейнасьць на некалькі месяцаў.

Мяркуецца, што 55-тая брыгада налічвае больш за 1000 ваяўнікоў. За апошні год яна ў значнай ступені ўзмоцнілася за кошт замежных добраахвотнікаў. Яна адыграла вырашальную ролю ва ўзяцьці некалькі гадоў таму аднаго з фарпостаў Паўночнага Альянсу – гораду Мазары-Шарыф.

Экспэрты папярэджваюць, што на зьнішчэньне брыгады можа запатрабавацца некалькі месяцаў. Былая дарадніца Рады Нацыянальнай Бясьпекі ЗША Шырын Тагір-Хелі кажа, што брыгада раскіданая па розных раёнах краіны, а яе ядро – некалькі соцень ваяўнікоў - складаюць непасрэдную ахову бін Лядэна. Хутчэй за ўсё яны будуць змагацца да сьмерці. «Ім няма чаго губляць, - кажа дасьледніца, - яны захапілі гэтую краіну сілай, і ім няма куды ўцякаць».

Тым часам працягваюцца пошукі новых аб’ектаў бамбаваньня. Пэнтагон аналізуе вынікі першага тыдня і ўзгадняе іх з паведамленьнямі Паўночнага Альянсу і кантактных асобаў з асяродзьдзя пуштунскіх лідэраў на поўдні краіны. Гэтую інфармацыю неўзабаве маюць дапоўніць рэйды дывэрсійных групаў на афганскай тэрыторыі. Экспэрты цьвердзяць, што нягледзячы на шматлікія няўдачы ў мінулым, узровень падрыхтоўкі спэцыяльных дывэрсійна-дэсантных групаў апошнім часам істотна павысіўся.
XS
SM
MD
LG