Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯКІЯ ГЛЫБІННЫЯ ПРЫЧЫНЫ СМАЗАБОЙЧЫХ ТЭРАКТАЎ У ЗША?


Пераклаў Сяргей Шупа, Прага

Глыбінныя прычыны гэтых падзеяў дасьледуе ў сваім артыкуле ў амэрыканскай газэце The Christian Science Monitor яе аглядальнік Пітэр Форд. Артыкул так і называецца - «Чаму яны нас ненавідзяць». Сёньня мы прапануем вашай увазе першую частку перадачы, прысьвечанай гэтаму артыкулу.

«Чаму яны нас ненавідзяць?» - спытаўся прэзыдэнт Буш у сваёй прамове перад кангрэсам у мінулы чацьвер. Гэтае пытаньне болем адгукаецца ў сэрцы Амэрыкі на працягу апошніх двух тыдняў. Чаму тыя 19 чалавек вырашылі зруйнаваць сымбалі ваеннай і эканамічнай магутнасьці Злучаных Штатаў?

Бальшыня арабаў і мусульманаў ведала адказ на гэтае пытаньне яшчэ да таго, як задумаліся над тым, хто адказны за акты тэрору. Пакістанскі ваенны пілёт у адстаўцы Саяд Хайдэр – прыяцель Злучаных Штатаў – разумеў чаму. Радыкальны эгіпэцкі мулла і вораг Злучаных Штатаў Абу Гамза аль-Масры разумеў. Як разумеў і Джыммі Нур Замзамі, прававерны мусульманін і кіраўнік рэклямнай фірмы ў Інданэзіі.

Усе яны разумелі, што гэты напад меў больш канкрэтную мэту, чым наагул «заходнюю цывілізацыю». Перадусім гэта быў напад на Амэрыку.

У Злучаных Штатах ваенныя стратэгі распрацоўваюць дэталі акцыі адплаты. А для шмат каго на Блізкім Усходзе і ў іншых рэгіёнах, дзе палітыка Злучаных Штатаў спарадзіла масавы антыамэрыканізм, крывавая бойня 11 верасьня якраз і была адплатай.

Цяпер ва ўсім мусульманскім сьвеце гучаць галасы папярэджаньня, што калі Амэрыка ня выбера для правядзеньня вайны з тэрарызмам спосаб, які мусульманскі сьвет палічыць справядлівым, яна можа спарадзіць яшчэ большую варожасьць да сябе.

Саяд Хайдэр ­ герой пакістанска-індыйскай вайны 1965 году, заўзяты сябар Амэрыкі. Аднак ні ён, ні ягоныя суседзі ў адным з самых стыльных кварталаў Ісьлямабаду ня маюць ніякага сумневу наконт таго, чаму іхныя цёплыя пачуцьці да Злучаных Штатаў не падзяляюць шырокія масы пакістанцаў.

У сваім цьмяным офісе ў адной зь мячэцяў у Паўночным Лёндане Абу Гамза аль-Масры салідарызуецца з мэтамі Усамы бін Лядэна. Паводле сьведчаньняў брытанскай паліцыі, Абу Гамза і сам кіраваў тэрарыстычынымі апэрацыямі за мяжою, аднак каб арыштаваць яго не хапае сьведчаньняў.

Спадар Замзамі, 30-гадовы дырэктар рэклямнай фірмы ў Джакарце, таксама ведаў, што стаяла за тымі нападамі. Спрабуючы надаць сваёй рэкляме бляску і разам з тым не парушыць прадпісаньняў веры, ён даволі выразна адчувае напружаньне паміж Ісьлямам і глябальным капіталізмам па-амэрыканску.

19 чалавек, якія паводле інфармацыі амэрыканскіх уладаў захапілі чатыры амэрыканскія пасажырскія самалёты і ўжылі іх для самагубчых нападаў, у выніку якіх загінула больш за 7000 чалавек – усе паходзяць з Блізкага Ўсходу. Бальшыня захопнікаў былі ідэнтыфікаваныя як мусульмане. У арганізацыі нападу Вашынгтон вінаваціць ісьлямскага фундамэнталіста Усаму бін Лядэна.

Абсалютная бальшыня мусульманаў на Блізкім Усходзе была ў шоку і ў жаху, ад таго, што яны пабачылі на тэлеэкранах. І яны ў страху ад таго, што ва ўяўленьні звычайнага амэрыканца яны валяцца ў адну кучу з тымі, хто ўчыніў напад.

Але ад Джакарты да Каіру, мусульмане і арабы кажуць, што калі падумаць, дык іх гэтая падзея ня надта дзівіць. І яны не падзяляюць думкі Буша, што выканаўцы нападу зрабілі гэта таму, што «яны ненавідзяць нашыя свабоды».

Хутчэй, кажуць яны, пачуцьцё абурэньня Амэрыкай і яе паводзінамі па ўсім сьвеце сталася ў іх краінах такой паўсюднай і звычайнай зьявай, што гэта непазьбежна спарадзіла варожасьць і нават нянавісьць.

І тыя кнопкі, на якія бін Лядэн націскае ў сваіх заявах і інтэрвію – несправядлівае абыходжаньне з палестынцамі, жорсткасьць санкцыяў супраць Іраку, прысутнасьць амэрыканскага войска ў Савудаўскай Арабіі, рэпрэсіўны і скарумпаваны характар падтрымваных Злучанымі Штатамі арабскіх рэжымаў рэгіёну Пэрсыдзкай затокі – усё гэта заваявала яму немалую сымпатыю ў мусульманскіх масах.

Абурэньне Амэрыкай пашырылася ў грамадзтвах, дэмаралізаваных сваёй найноўшай гісторыяй. Сярод пяці дзясяткаў мусульманскіх краінаў сьвету мала ў якіх урады прапануюць сваім грамадзянам заможнасьць і дэмакратыю. Арабскія краіны прайгралі тры вайны са сваім галоўным ворагам – і найбліжэйшым саюзьнікам Амэрыкі – Ізраілем. У сэрцам мільёнаў высьпявяе адчуваньне паразы і крыўды.

Тры тыдні таму найбуйнейшая арабская газэта сьвету «Аль-Хаят» надрукавала на першай паласе верш. Доўгі плач пра незайздроснае становішча арабаў, адрасаваны памерламу сырыйскаму паэту. Верш каначецца так:

«Дзеці паміраюць, і нікому няма справы.
Дамы разбураюць, і нікому няма справы.
Сьвятыні апаганьваюцца, і нікому няма справы...
Мне абрыдла жыцьцё ў сьвеце сьмяротных.
Знайдзі мне магілу побач з табою. Бо дастойнае жыцьцё толькі ў магіле».

Гучыць так, як быццам бы напісана чалавекам, якога ахапіла роспач і безнадзейнасьць, які ў адчаі шукае сьмерці, магчыма – долі пакутніка за веру. Чым не малады палестынскі ўцякач, які плянуе самагубчы бомбавы напад. А насамрэч аўтар вершу – амбасадар Савудаўскай Арабіі ў Лёндане, які належыць да адной з самых багатых і ўплывовых сем’яў каралеўства, што лічыцца найбліжэйшым арабскім саюзьнікам Злучаных Штатаў.

На фоне гэткага прыніжэньня неабвержная ваенная, эканамічная і культурная магутнасьць Амэрыкі магла б выглядаць як абраза, нават калі б амэрыканская палітыка на Блізкім Усходзе была нэўтральная. Але пра гэта ніхто ніколі не гаворыць.

Ва ўсім рэгіёне з канца ў канец усе адчуваюць, што Ізраілю можа сыйсьці з рук любое злачынства – і Вашынгтон будзе глядзець на гэта скрозь пальцы. За апошнія гады арабскія тэлеканалы паказалі безьліч кадраў, дзе ізраільскія жаўнеры страляюць у палестынскіх падлеткаў, ізраільскія танкі бураць палестынскія дамы, ізраільскія гелікоптэры расстрэльваюць ракетамі палестынскія вуліцы. І ўсе ведаюць, што Злучаныя Штаты штогод дасылаюць Ізраілю 3 мільярды даляраў ваеннай і эканамічнай дапамогі.

«Што адчуваеш, калі бачыш гэта кожны дзень?» - пытаецца Рафік Харыры, мажны лібанскі прэм’ер-міністар, якога ня так лёгка расчуліць. «Мне вельмі баліць. А сотні тысячаў арабаў і мусульманаў з гэтага вар’яцеюць. Яны адчуваюць сябе прыніжанымі».

З ростам абурэньня нараджаюцца радыкалы

Спытайцеся ў Шэйха Абдула Маджыда Атты – чаму палестынцы ня любяць Злучаныя Штаты, і ён не адразу знойдзе што адказаць. Ён бязгучна ступае босы па густым чырвоным дыване сваёй гасьцёўні і падыходзіць да трох фатаграфіяў у рамках, што стаяць на падлозе побач зь ляжанкай.

На чорна-белых здымках – пыльныя скалістыя пагоркі, аблепленыя маленечкімі намётамі і хацінамі са шлакаблёкаў: першыя дні ў лягеры ўцекачоў Дугейша, на поўдзень ад Бэтлеему, на Заходнім Беразе Ярдану. Там спадар Атта нарадзіўся, там ягоная сям’я пражыла больш за паўстагодзьдзя.

Родная вёска ягонай сям’і была разбураная падчас ізраільска-палестынскай вайны, калі Брытанія падзяліла Палестыну ў 1948 годзе. 10 гадоў ягоная сям’я – 13 чалавек – жыла ў намёце. У год, калі нарадзіўся Атта, Арганізацыя Аб’еднаных Нацыяў дала ягонай сям’і аднапакаёвы дамок.

Атту не хвалюе, што Злучаныя Штаты непасрэдна ня мелі дачыненьня да «катастрофы», як палестынцы называюць падзеі 1948 году. Вашынгтон адвёў вочы ўбок тады, калі мог дапамагчы, а ад таго часу Злучаныя Штаты цьвёрда занялі бок Ізраілю.

Каржакаваты, салідны, з пышнай акуратна падстрыжанай барадой, Атта чытае пропаведзі ў тутэйшай мячэці. Ён выглядае як сапраўдны лідэр мясцовай супольнасьці – заўсёды бездакорна адзеты, у акуратнай кашулі і адпрасаваных штанах, у нагруднай кішэні – акуляры ў залатой аправе.

У апошні год палестынска-ізраільскага канфлікту Атта далучыўся да «Хамасу» - радыкальнай групоўкі, адказнай за бальшыню самагубчых бомбавых нападаў ан ізраільскія гарады. Роспач ад назіраньня за тым, як ад рук ізраільскіх жаўнераў гіне ўсё больш палестынцаў, адыграла ў ягоным рашэньні найбольшую ролю.

Ягоная нянавісьць да Ізраілю, аднак, паходзіць яшчэ зь дзяцінства, ад апавяданьняў пра родную вёску, Рас Абу Амар, якую ён ніколі ня бачыў. Вёска для яго надалей жывая. Мільёны палестынцаў на Заходнім Беразе і ў Паласе Газа дый на ўсім Блізкім Усходзе сьвята ўшаноўваюць старыя фатааздымкі, ключы і дакумэнты на дамы, якіх ужо даўно не йснуе або ў якіх ужо некалькі пакаленьняў жывуць гэбраі.

Сёньня ён жыве ў сваім доме у Дунэйшы – разьлеглым скопішчы густа заселеных бэтонных дамкоў з крывымі вузкімі вулкамі. Аднак ён усё яшчэ марыць пра дом, які ён ніколі ня бачыў, і ён прыгадвае тых, хто забраў у яго гэты дом, і ён памятае, на каго яны абапіраюцца.

Тое, што адбылося 11 верасьня - «гэта жахлівая рэч, трагедыя, а дзеля таго, што мы даўно жывем у няспыннай трагедыі, гэта якбы закранула і нас – кажа ён. – Аднак калі мы бачым нешта гэткае ў Ізраілі або Злучаных Штатах, мы адчуваем супярэчлівыя пачуцьці. Мы бачым, што гэта трагедыя, але мы памятаем, што гэтыя людзі стаяць за нашай трагедыяй».

«Нават малыя дзеці ведаюць, што Ізраіль без Амэрыкі нічога ня значыць – кажа Атта. – А тут Амэрыка азначае F-16, M-16, гелікоптэры «Апаш» - тое, што ўжывае Ізраіль, каб забіваць нас і разбураць нашыя дамы».


XS
SM
MD
LG