Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗЬВЕРСТВА Ў ЧАЧНІ. NEW YORK TIMES ПІША ПРА ПАРУШЭНЬНІ ПРАВОЎ МІРНАГА НАСЕЛЬНІЦТВА Ў ЧАЧНІ


Валерыя Красоўская, Прага


Гэтым разам нават маскоўскія афіцыйныя прадстаўнікі арміі ды ўладаў публічна асудзілі атакоўцаў. Іх крытыка абсалютна апраўданая. Але патрабуюцца больш рашучыя дзеяньні. Арганізатары зьверстваў павінны быць выяўленыя і пакараныя. Акрамя таго, прэзыдэнт Уладзімір Пуцін мусіць усталяваць прафэсійную дысцыпліну ў расейскай арміі.

Парушаючы парадак армейскіх працэдураў, сотні расейскіх салдатаў арыштавалі паўтары тысячы мірных жыхароў дзьвюх вёсак, таксама білі і катавалі ўсіх мужчынаў ва ўзросце ад пятнаццаціі да пяцідзесяці пяці гадоў, абрабавалі школы, шпіталь, дамы і транспартныя сродкі, якія належаць мясцовым жыхарам.

New York Times нагадвае, што напады былі адказам на выбухі дзьвюх мінаў на суседніх дарогах, у выніку якіх загінулі чатыры расейскія салдаты. Але ж помста была ськіравана на мірных грамадзянаў, адзіная віна якіх у тым, што яны - чачэнцы і жывуць побач з тымі мінамі, на якіх падарваліся расейскія вайскоўцы.

Вайна супраць чачэніскіх паўстанцаў 1999-2000 гадоў - другая вайна на тэрыторыі рэгіёну на працягу пяці гадоў - дапамагла спадару Пуціну пракласьці шлях да прэзыдэнцтва. Падаўленьне паўстаньняў скончылася год таму. Але чачэнскія партызаны працягваюць барацьбу, ўжываючы міны, якія калечаць ды забіваюць расейскіх салдатаў. Мірныя жыхары тым часам робяцца аб’ектамі суцэльных рэпрэсіяў з боку салдатаў.

Два прызначаныя Крамлём чыноўнікі, адзін зь якіх чачэнец, а другі расеец, кіруюць ў Чачні. New York Times піша, што яны ня могуць спадзявацца нават на невялікую падтрымку чачэнскага грамадства, пакуль расейскія вайскоўцы паводзяць сабе так абразліва.

Вось чаму абодва кіраўнікі аб’явілі сябе няздольнымі падтрымліваць парадак у краіне да таго моманту, пакуль камандзіры, адказныя за напады, ня атрымаюць пакараньня. Заявы спадара Пуціна наконт аднаўлення дысцыпліны ды парадку да гэтага часу зьяўляліся галоўным тэзісам ягонага прэзыдэнцтва. Вядомае выданьне робіць вынік, што
Ягоны аўтарытэт пацерпіць, калі ён і далей ня будзе зьвяртаць увагі на парушэньні закону.

XS
SM
MD
LG