Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Солей”. Музыка, словы, выкананьне і аранжыроўка — В.Грышко. Дэма-альбом, запіс 2002



Бадай, у кожнай краіне маюцца такія выканаўцы, якія на музычным рынку тае краіны нібыта і не прысутнічаюць: выступаюць рэдка, іх дыскі не рэклямуюцца, прадусары супольных музычных праектаў іх не заўважаюць, а піянэрскага зьместу газэты не надакучваюць просьбамі аб інтэрвію. З адной прычыны: яны проста робяць сваю, не падобную на іншых, музыку.

Асоба кампазытара, паэта ды сьпевака Валіка Грышко, на маю думку, вымагае асобнага дасьледаваньня. Гэты чалавек ня першы год прысутнічае на беларускім музычным рынку, аднак заўсёды, як мне здаецца, існаваў у становішчы “свайго сярод чужых, ды чужога сярод сваіх”. Прычынай таму была, на маю думку, найперш музыка, якую Валік прапанаваў аўдыторыі.

Гэта, безумоўна, ня рок. Але ж і не папуляршчына вульгарная. Ён адшукаў нейкую здаровую сярэдзіну кшталту таго, што ў свой час зрабілі музыканты брытанскай групы “Depeche Mode”. Яны прапаноўвалі музыку, якая задавальняла як аматараў року, так і папулярных жанраў.

Не, я разумею: параўноўваць Валіка Грышко з Марцінам Горам было б занадта вялікім нахабствам. Тым ня менш: наш сьпявак таксама робіць уласную, індывідуальную музыку, далёкую ад стэрэатыпаў, а таму, натуральна, часам чужую літаральна ў кожнай аўдыторыі.

Мне хочацца параіць вам, сябры, адно: стэрэатып — гэта спыненьне руху ва ўсім, што нас атачае. Вось чаму да ўсіх тых, хто робіць непадобнае да таго, што ўжо вядома, я параіў бы ставіцца хоць бы з пашанай за іх сьмеласьць. Песьня “Солей” і Валік Грышко. Ня ведаю, што значыць назва. Аднак так у Беларусі не сьпявае ніхто.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG