У музычнай практыцы часта здараецца, калі які-небудзь музыкант здольны сабраць вакол сябе розных выканаўцаў і запісаць зь імі цікавы матэрыял, які набудзе сапраўдную папулярнасьць. Пры гэтым такі калектыў ня мае нават назвы, што здарылася і ў нашым выпадку.
Запіс, які трапіў да нас у рэдакцыю на мінулым тыдні, і сапраўды незвычайны шмат у якіх аспэктах. Пачну з таго, што ініцыяваў яго менскі гітарыст Віктар Малчанаў, музыкант вельмі вопытны, за плячыма якога праца ў “Песьнярах”, групах “Крама” і “Flat”, Дзяржаўным канцэртным аркестры.
Цяпер, як жартуюць музыканты, ён нідзе не працуе, у рэстаране іграе. І паціху піша музыку. Для запісу песьні “Я інакш не магу” Віктар Малчанаў запрасіў даўняга калегу па “Краме” Ігара Варашкевіча і Аляксандру Кірсанаву, сёлетнюю лаўрэятку “Славянского базара”.
На першы погляд, мы будзем слухаць новую, раней не вядомую песьню ўсё той жа “Крамы”. Аднак, калі прыслухацца больш уважліва, можна зразумець, што гэта ўсё ж музыка крыху іншая.
Сёньня Віктар Малчанаў выступае ў новым увасабленьні — кампазытара-песеньніка. Песьня, дарэчы, на словы Настасьсі Гулак атрымалася сапраўды вельмі ўдалая. А інакш такі дасьведчаны музыкант проста ня здольны рабіць. Зь ім мы, абяцаю, яшчэ пачуемся!
Зьміцер Падбярэскі