Я ўпэўнены: той музыкант, які адшукае сакрэт унівэрсальнай аранжыроўкі для кожнага літаральна з твораў папулярных жанраў, яшчэ пры жыцьці паставіць уласнае імя поруч з імёнамі Бэтховэна, Моцарта, Чайкоўскага. Аднак ня трэба думаць, быццам найлепшыя аранжыроўцы жывуць і працуюць выключна на Захадзе. Ёсьць такія і ў нас.
Апошнія запісы музыкі, якая гучыць у праграмах харэаграфічнага ансамблю “Харошкі”, выдавалася ўжо вельмі даўно. Між тым, варта адзначыць, што ў складзе інструмэнтальнай групы гэтага калектыву працуюць вельмі дасьведчаныя выканаўцы. Як, дарэчы, і вопытныя аранжыроўцы, якія, як мне здаецца, знаходзяць даволі ўдалыя формы для ўвасабленьня музыкі, якая ілюструе танцавальныя нумары. Яны, як вы ведаеце, у рэпэртуары “Харошак” самыя розныя, адпаведна розная гучыць і музыка.
Здавалася б, што новае можна ўнесьці ў мэлёдыю вядомага танца “Мікіта”? Традыцыя традыцыяй! Але ж Уладзімер Гінько акцэнтаваў рытмічную аснову, надаў гучаньню скрыпкі ноткі кантры-музыкі, напоўніў партыю ўдарных выразнымі сынкопамі, а агульную тканіну мэлёдыі — яўнымі джазавымі фарбамі, і ў выніку мы маем нешта такое, што дакладна акрэсьліць стылёва даволі складана.
Аднак у любым выпадку гучыць тое даволі сьмела, а таму, безумоўна, цікава. Прынамсі, казаць пра нейкую дрымучую традыцыю тут ужо не выпадае.
Зьміцер Падбярэскі